Віталь Гарановіч
Віталь Рыгоравіч Гарановіч (07.01.1952 - 17.04.2012), настаўнік, паэт, аўтар шасці вершаваных зборнікаў.
Ураджэнец вёскі Ермакі Маладзечанскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (1977).
Пасля інстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай васьмігадовай школы, дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы (1979-1983), дырэктарам Глыбоцкай СШ № 3 (1983-2004). З 2004 г. працаваў старшынёй Глыбоцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Быў сябрам ТБМ, ТБШ.
Друкавацца пачаў са школы, супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет падчас службы ў арміі, быўшы студэнтам. У 1978 годзе выйшла падборка вершаў у часопісе “Маладосць”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. З 80-х гадоў ХХ ст. рэгулярна публікуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Удзельнік літаратурных семінараў у Каралішчавічах.
У 1997 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў першы зборнік вершаў «Беразвечча», які быў адзначаны складальнікамі анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла» як «…хоць запозненая, але яркая кніга».
Наступныя лірычныя зборнікі — «Святло блакіту» (2002), «Саракі» (2007), «Нараджэнне вады» (2011) выйшлі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Зборнік песень «Глыбоцкі вальс», падрыхтаваны ў сааўтарстве з самадзейным кампазітарам Г. Шаколай, убачыў свет у 2003 годзе ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор".
Зборнік "Пагавары са мной" (2015) складзены і выдадзены жонкай пасля смерці паэта.
Віталь рыгоравіч быў лаўрэатам літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за кнігу вершаў «Саракі» (2009).
Пра творчасць Віталя Гарановіча можна сказаць, што "... у яго вершах – метафарычная напоўненасць радка, уменне здзіўляцца навакольнаму свету і па-свойму, адметна гэтым здзіўленнем дзяліцца з іншымі. Лірычны герой паэта цесна звязаны з усім тым, што называецца Радзімай, Бацькаўшчынай. Ёсць вершы, якія адносяцца да філасофскай лірыкі, аўтара хвалююць тэмы вайны і міру, адначасова адбываецца пераацэнка гістарычных каштоўнасцей".
"...Але я які ўжо раз перачытаў свой апошні зборнік "Нараджэнне вады" і з радасцю для сябе адзначыў: наўрад хто скажа, прачытаўшы вершы, што іх напісаў чалавек сталага ўзросту. У многім і па той прычыне, што большасць з іх – пра прыроду." В.Гарановіч.
- 3594




