Ведай нашых: Майсяёнак Андрэй Георгіевіч

Андрэй Георгіевіч Майсяёнак адзначае юбілей.
Нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 года ў горадзе Глыбокае.
Яго прадзед Фёдар Ігнатавіч Майсяёнак перад Першай сусветнай вайной быў абраны Глыбоцкім валасным старшынёй. Дзед, Нікіфар Фёдаравіч, быў шмат гадоў настаяцелем Галубіцкай, а пазней Стэфанпольскай царквы. Бацька, Георгій Нікіфаравіч, у пачатку 1940-х гадоў працаваў лекарам-хірургам у Пліскім і Глыбоцкім раёнах, а пасля вайны – у Шаркаўшчыне і Варапаеве. Маці Андрэя Георгіевіча – Антаніна Фёдараўна Родчанкава паходзіла з вёскі Астаноўка Шаркаўшчынскага раёна, працавала настаўніцай, спачатку ў пачатковай школе, потым выкладала біялогію. Перад Вялікай Айчыннай вайной працавала загадчыцай навучальнай часткі ў Лужкоўскай школе, добра ведала мастака Язэпа Драздовіча, які ў той час выкладаў тут маляванне.
У 1965 годзе Андрэй Майсяёнак скончыў медыцынскі інстытут, потым аспірантуру пры ім. У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў кіраўніком лабараторыі клінічнай біяхіміі і асістэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі Гродзенскага медінстытута. Потым па прапанове акадэміка Ю. М. Астроўскага перайшоў на працу ў Акадэмію Навук БССР. У 1970-х гадах у Гродне быў створаны Аддзел рэгуляцыі і абмену рэчываў Акадэміі Навук БССР, які ў 1985 годзе быў пераўтвораны ў Інстытут біяхіміі. Першым вучоным сакратаром гэтага інстытута і стаў Андрэй Майсяёнак.
Потым ён працаваў на пасадах старэйшага навуковага супрацоўніка, загадчыка лабараторыі. З 1992 года А. Г. Майсяёнак стаў намеснікам дырэктара інстытута па навуковай рабоце. Потым ён абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук. З 1998 года – загадчык лабараторыі каферментаў Інстытута біяхіміі, прызнаны аўтарытэт у галіне вітаміналогіі, біяхіміі вітамінаў і каферментаў. Стварае новыя лекі і прафілактычныя сродкі на іх аснове.
Яму належыць больш за 200 друкаваных прац, 7 манаграфій, 10 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. За сваю паспяховую навуковую і грамадскую дзейнасць А. Г. Майсяёнак узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”. Ён лаўрэат міжнароднай польскай прэміі за беларуска-польскае супрацоўніцтва ў галіне культуры.
Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі медыцыны на Беларусі. Вядзе актыўную грамадскую і краязнаўчую дзейнасць. 3 1991 года займаецца стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Я.Л. Храптовіча. Выступае ў друку, на тэлебачанні і радыё па праблемах вывучэння і захавання культурна-гістарычнай спадчыны.
Асаблівую ўвагу надае Андрэй Георгіевіч вывучэнню гісторыі сваёй роднай Глыбоччыны: ім даследаваны малавядомыя старонкі жыцця знакамітага земляка, мастака Язэпа Драздовіча; вернута з нябыту імя рэпрэсіраванага генерала П.В. Пугачэўскага, які родам з вёскі Чарневічы; апісаны трагічны лёс глыбоцкіх медыкаў У. Шырана і М. Алехны-Гушчы і іншыя старонкі багатай гісторыі роднага краю.
Віншуем земляка з юбілеем і жадаем здароўя і творчага настрою!
- 346

