Помнікі Вялікай Айчыннай вайны Зябкаўскага сельсавета

Асколак сонца – белы матылёк –
Так бесклапотна пырхае над полем.
Суціш свой крок і пот змахні, сынок.
У кожнага свая на свеце доля...
Г.Дзмітрыеў
Каля канторы былога саўгаса імя Дзяржынскага ў в.Зябкі на ўшанаванне памяці 16 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1975 годзе пастаўлены помнік – скульпурная кампазіцыя: партызан і партызанка. На пастаменце – выява зоркі з ордэнскай лентай і шыльда з імёнамі загінуўшых землякоў.


Помнік на магіле Лабзова Уладзіміра Канстанцінавіча, старшыні Асінаўскага сельсавета, зверскі забітага ворагамі Савецкай улады пасля першамайскага сходу ў 1946 г. Знаходзіцца каля будынка былой Зябкаўскай СШ. Новы помнік пастаўлены ў 1988 г.
У імя нашага жыцця
«Дарагая рэдакцыя! Я ўдзячна вам за артыкул «Хто ведаў Лабзова?» Чытала з вялікім хваляваннем і ўспамінамі аб мінулым. Даныя ў асноўным правільныя, за выключэннем таго, што Лабзоў У.К. ураджэнец не Шумілінскага, а Лёзненскага раёна, вёскі Уна. Да вайны Лабзоў вучыўся ў школе і з пачатку вайны яму ішоў 17-ы год. У пачатку вайны брат Уладзіміра Лабзова Лабзоў Іван Канстанцінавіч быў расстраляны за сувязь з партызанамі, а Лабзоў Уладзімір добраахвотна пайшоў у партызаны.
Я была з Лабзовым у адной партызанскай брыгадзе «За Савецкую Беларусь» у атрадзе «Ураган» Мінскай вобласці. Пасля заканчэння вайны выйшла замуж за Лабзова, і мы былі пакінуты на савецка-партыйных курсах пры ЦК КПБ. Пасля заканчэння іх былі накіраваны ў Заходнюю Беларусь для аднаўлення гаспадаркі. Лабзоў У. К. працаваў старшынёй Асінаўскага сельскага Савета і загінуў ад бандыцкай рукі, калі ішоў разам са мной з урачыстага пасяджэння, якое адбылося вечерам 30 красавіка 1946 года ў гонар 1-га Мая.
Пасля яго смерці мне давялося працаваць старшйнёй Асінаўскага сельскага Савета, прымаць актыўны ўдзел у калектывізацыі і выкананні ўсіх пастаўленых задач.
К.ЛАБЗОВА
АД РЭДАКЦЬІІ:
Такое пісьмо атрымала рэдакцыя ад Клаўдзіі Фёдараўны Лабзовай, якая пражывае ў г. п. Бешанковічы па вуліцы Чарняхоўскага ў доме № 8, кватэра 23. I адразу хочам унесці ўдакладненне. Справа ў тым, што наша газета пакуль што аб Лабзове не пісала. А пошукі на гэту тэму вядзе настаўнік Псуеўскай сярэдняй школы Іван Іванавіч Волкаў. Вось ён і напісаў пісьмо ў шумілінскую раённую газету «Герой працы», лічачы, што Лабзоў быў ураджэнцам Шумілінскага (а на самай справе Лёзненскага) раёна. Газета і змясціла пісьмо Волкава, якое потым трапіла да Лабзовай. Іван Іванавіч закончыў збор матэрыялаў і рыхтуе нарыс пра Лабзова, які мы разлічваем змясціць на старонках сваёй газеты.
А цяпер коратка пра Уладзіміра Канстанцінавіча Лабзова. Асінаўскі сельскі Савет, дзе ён быў старшынёй, размяшчаўся на тэрыторыі цяперашняга Зябкаўскага сельсавета. Пахаваны ён каля Зябкаўскай школы. Летась зрабілі новы помнік, добраўпарадкавалі магілу.
У святочныя дні сюды прыходзяць людзі, ускладваюць кветкі, адбываюцца мітынгі. Тут жа праходзяць піянерскія зборы.
Нядаўна, як паведаміў дырэктар Зябкаўскай школы Канстанцін Канстанцінавіч Пашковіч, выпускнікі 8-га класа зрабілі падарожжа на веласіпедах па месцах баявой славы на радзіму Героя Савецкага Саюза Льва Даватара. Заязджалі яны і ў Бешанковічы да Клаўдзіі Фёдараўны Лабзовай, з якой адбылася цікавая гутарка.
Заўтра на магілу Лабзова будуць ускладзены кветкі. Не толькі ў Зябках, але і ва ўсім раёне шануюць памяць Уладзіміра Канстанцінавіча Лабзова, які аддаў сваё жыццё ў імя нашага жыцця.
Шлях перамогі.- 1989 .- 1 ліпеня.- С.2
- 1455

