Помнікі Вялікай Айчыннай вайны горада Глыбокае

Горад, скажам банальна, працавітых людзейСведкам быў знамянальных і трагічных падзей.
За мяжой гарадскою тут сузор'е азёр,
Будзіць памяць людскую стогнам стрыманым бор...
У бары, ўздоўж дарогі, шэраг брацкіх магіл.
Іх, на жаль, вельмі многа, гэтых знакаў тугі.
А на помніку — надпіс рэжма вочы і слых —
Значна меней і зараз у Глыбокім жывых.
У вайну ў Беразвеччы шмат прынята пакут,
Шмат дарог чалавечых абарвалася тут...
Кубкі горкага лёсу напаўняла вайна,
У зямлю — не ў нябёсы — пасылала яна.
Як жа неба стрывала здзек падобны тады?..
А рубцы той навалы не загояць гады.
Т. Ляшонак «Глыбоцкі бор»
Жыхары горада Глыбокае і Глыбоцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі сведкамі і ўдзельнікамі розных падзей – падпольнай і партызанскай барацьбы з ворагамі, трагічнага лёсу вязняў Беразвецкага канцэнтрацыйнага лагера, вызвалення горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць аб гэтых падзеях увекавечана ў помніках і мемарыяльных знаках.
Напачатку вайны на месцы былога Беразвецкага манастыра фашысты стварылі канцэнтрацыйны лагер ваеннапалонных “Шатлаг №351”. Ад голаду і холаду, ад непасільнай працы ў лагеры штодзень паміралі сотні людзей. За час яго існавання – з верасня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у лагеры загінула больш за 27 тысяч савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных, мірных жыхароў.
Месцам масавага пахавання вязняў Беразвецкага лагера стаў Барок, невялікае ўрочышча недалёка ад Глыбокага.
У 1946 г. на ўшанаванне памяці бязвінных ахвяр у Барку былі пастаўлены два абеліска.



У 1964 г. на месцы шматлікіх пахаванняў ваеннапалонных і мірнага насельніцтва быў створаны мемарыяльны комплекс “Барок”.
Першапачаткова комплекс складаўся з абеліска, скульптуры воіна і 27 агульных магіл з выявай зоркі на кожнай з іх.
У 1993 г. мінскі скульптар В.Якавенка распрацаваў новую кампазіцыю. Сучасны мемарыяльны комплекс “Барок” прадстаўляе сабой суцэльны архітэктурна-скульптурны ансамбль, аб’яднаны адной ідэяй – народ ніколі не забудзе той жудасны час, калі гінулі людзі і не дапусціць распаўсюджвання фашызму.
Мемарыяльны комплекс урачыста адкрыты 3 ліпеня 1994 года ў 50-ю гадавіну вызвалення Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Крыніца: Веснік Глыбоччыны.- 1994.- 12 ліпеня.
Адкрываюць комплекс вароты ў выглядзе старонак расчыненай кнігі, на якіх напісаны словы:
“Тут пахавана звыш 27 тысяч ваеннапалонных вязняў лагера смерці Беразвечча і каля 200 італьянскіх салдатаў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1944 гадах”;
“Здесь раньше вставала земля на дыбы, а нынче гранитные плиты. Здесь нет ни одной персональной судьбы, все судьбы в единую слиты”.

Далей па алеі памяці шлях вядзе да двух скульптурных кампазіцый, увасабляючых ваеннапалонных і грамадзянскіх ахвяр вайны. Помнік ваеннапалонным – трохкутны камень з якога падае ў яму ўніз галавой схуднелае і змарнаванае цела вязня канцлагера, ногі якога апутаны калючым дротам.

Помнік грамадзянскім ахвярам вайны – дзве стэлы вышынёй 5 м з шэрага бетону, якія злучае крыж з распяццем, універсальны сімвал пакут.
На стэлах надпісы: “Людзі добрыя, памятайце, яны любілі жыццё, Радзіму і вас”; “Пусть с вами всегда будет Божья благодать”. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №2196”.

Уздоўж алеі ляжаць 27 камянёў, на кожным з іх выбіта лічба “1000”. 27 тысяч бязвінных ахвяр пахаваны ў Барку. На сімвалічных каплічках-свечках імёны загінуўшых, якія ўдалося ўстанавіць.
Глыбокае стала апошнім прытулкам тысячам людзей яўрэйскай нацыянальнасці.

За 1 км. ад горада знаходзіцца брацкая магіла мірных жыхароў і вязняў 1-га яўрэйскага гета. Тут пахавана каля 4,5 тыс. савецкіх грамадзян, загубленых у 1941-44 гадах.
У знак памяці на магіле ўстаноўлены помнік -- гранітны абеліск і на ім надпіс на іўрыце і рускай мовах : “Боль наша неугасима, память – священна”.
Побач з помнікам знаходзяцца чатыры пліты з надпісам: "Братская могила 4,5 тыс. евреев, поляков, цыган и других мирных граждан, зверски уничтоженных немецкими оккупантами” на рускай, яўрэйскай, англійскай і беларускай мовах.

Брацкае пахаванне вязняў 2-га яўрэйскага гета, расстрэлы якога праводзіліся са снежня 1941 па жнівень 1943 гг. За гэты час акупантамізнішчана 2,5 тыс. чалавек.
Помнік-стэла ўстаноўлены ў 1993 годзе. На ёй надпіс на іўрыце і шыльда “Воінскае пахаванне №5602”.
Брацкае пахаванне знаходзіцца за 1 км. на паўночны захад ад г. Глыбокае каля аэрадрома.
Брацкая магіла жыхароў і вязняў яўрэйскага гета. Больш як 2 тыс. жыхароў Глыбокага і Глыбоцкага раёна былі растраляны фашыстамі 19 чэрвеня 1942 года.
На магіле пастаўлены абеліск з надпісам на іўрыце “Пусть мир не забудет о пролитой крови, ведь память людей не подвластна годам. Братская могила узников гетто, уничтоженных в 1942 г.”
Брацкая магіла знаходзіцца ў лесе, за 1 км на паўночны захад ад горада. На ім шыльда “Воінскае пахаванне №5601”.

Помнік на месцы расстрэлу і пахавання палякаў. Сярод ахвяр фашызму – тры ксяндзы. Яны былі расстраляны 4 сакавіка 1942 г. за падтрымку польскага антыфашысцкага падполля. 4 ліпеня 1942 г. на гэтым месцы былі растраляны 30 палякаў.
У гонар і памяць загінуўшых польскае аб’яднанне аховы ваенных помнікаў устанавіла чорны гранітны крыж з выявай Маці Божай. Побач з ім -- дзве пліты з прозвішчамі ахвяр гітлерызму і словамі: “Pamieci polacov ofiar hitleryzmy. 1942. Памяці палякаў ахвяр гітлерызма”. Помнік знаходзіцца за 1,5 км на паўночны захад ад горада.

У Глыбокім па вуліцы Чкалава знаходзіцца брацкая магіла вязняў 3-га яўрэйскага гета. Мірныя грамадзяне былі расстраляны 18-21 жніўня 1943 года.
Перад уваходам на тэрыторыю былога гета ляжыць камень-валун з надпісам “Братская могила жертв фашизма 1943 г.”
На ўваходзе надпіс: “Здесь захоронены 4,5 мирных граждан еврейской национальности города Глубокое и окрестности, расстреляных немецко-фашистскими оккупантами в 1942-1943 годах. Мы не забудем”; “Прохожий. Поклонись этому святому месту! Здесь находятся жертвы еврейского гетто, уничтоженные немецкими нацистами в 1943 г. Вечная им память”. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №5600”.

18 жніўня 1993 года, у 50-ю гадавіну знішчэння яўрэйскага гета, грамадскай супольнасцю Глыбокага і прадстаўнікамі яўрэйскай дыяспары ў Беларусі быў урачыста адкрыты новы помнік-стэла.
У цэнтры горада, у парку Перамогі знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў баях пры вызваленні Глыбокага ў ліпені 1944 г.
Усяго пахавана 138 чалавек. Імёны 98 загінуўшых вядомы, 40 пахаваных – невядомыя. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у г. Глыбокае ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У 1964 годзе адбыліся закладка парку Перамогі і адкрыццё скульптурнай кампазіцыі -- абеліска з імёнамі пахаваных і скульптур воіна (справа) і жанчыны (злева).


Новы помнік скульптара В.Якавенка ўстаноўлены ў 1994 годзе. На абеліску вышынёй 10 м – бронзавая выява грэчаскай багіні перамогі Нікі, злева і справа ад яго скульптуры воіна і партызана. Перад стэлай пліта з імёнамі загінуўшых. На помніку шыльда “Воінскае пахаванне №4060”.


Помнік удзельнікам Глыбоцкага падполля, якое дзейнічала з восені 1941 года пад кіраўніцтвам Ю.А.Сабалеўскага і І.Ф.Лакоткі, урачыста адкрыўся напярэдадні Дня Перамогі ў 1995 годзе.
Помнік уяўляе сабой высокую стэлу з двума перакрыжаванымі савецкім і нямецкім аўтаматамі наверсе. На стэле надпіс “Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ўдзячныя нашчадкі”.
Побач дзве вертыкальныя пліты з надпісамі: “Ратаванне дзяржавы – лёс Беларуса” і “Гераічным дзеянням 1942-1944 гг. падпольшчыкаў пад кіраўніцтвам Сабалеўскага Ю.А., Лакотка І.Ф. прысвячаецца”.
Помнік размешчаны ў г. Глыбокае па вуліцы Савецкай паблізу дома, у якім дзейнічала падполле. Аўтар праекта мінскі скульптар Р. Б. Мурамцаў. Асноўны аб’ём работ выканала малое прадпрыемства “Спадарожнік” (кір. А. І. Шыпко), МПМК-49 і РВА ЖКГ.
Крыніца: Веснік Глыбоччыны.- 1995.- 16 мая.
- 2423

