CІМВОЛІКА ГЛЫБОЦКІХ ВАСІЛІСКАЎ

Вы пра гэта не ведалі і не чулі!
Прапануем цікавую публікацыю глыбачаніна, краязнаўцы Аляксандра Івашчонка.
У публікацыі выкарыстана беларуская форма назвы васіліска – базыліск. Зрэшты, існуюць і цяпер беларускія прозвішчы Базылевіч, Базылеўскі, якія паходзяць ад імя Базыль (Васіль). А ў Беразвеччы пад Глыбокім існаваў некалі слынны ўніяцкі базыльянскі манастыр…
"... Адным з найстарэйшых твораў мастацтва Глыбоччыны з’яўляюцца дзверы Глыбоцкага касцёла Кармелітаў босых (сёння праваслаўны сабор Нараджэння Багародзіцы). Самі дзверы зробленыя дзесьці ў XVII ст. Былі выкананыя з дрэва, гэтыя дзверы адчыняюцца напалам унутар святыні.
Яны падзеленыя на 4 квадраты, кожны з якіх прадстаўляе пэўную раслінна-жывёльную сцэну. У ніжняй частцы мы пабачым раслінныя матывы ў кожных двух квадратах, якія так па праўдзе з’яўляюцца люстраным адбіццём адзін аднаго. Аднак у верхніх двух квадратах мы пабачым двух базыліскаў (васіліскаў).
Разважаючы пра сімволіку базыліскаў, я не буду рабіць даследвання ці існавалі гэтыя стварэнні ці не, бо для нас гэта не істотна.
Выявы гэтых стварэнняў знаходзіцца на дзвярах колішняга касцёла, таму для хрысціянскай сімволікі гэтыя стварэнні існавалі. І для нас ужо дастаткова толькі гэтага, каб распавесці пра іх сімволіку. (Варта дадаць, што пра базыліскаў пісала св. Гільдэгарда з Бінгэн, таксама на абразах св. Юрый быў прадстаўлены з базыліскам).
Як вядома ў сярэднявечнай хрысціянскай сімволіцы, базыліск (па грэцку – малы кароль) быў сімвалам “малога караля” – д’ябла, які знаходзіўся ў апазіцыіі да “Вялікага Караля” – Караля ўсіх каралёў Езуса Хрыста, як аб тым гаворыцца ў Бібліі. Такім чынам, мы маем ўжо пэўную дынаміку спрадвечнай барацьбы: д’ябал – Бог, а выкарыстоўваючы сімвалы, базыліск – Езус. У гэтым выпадку паўстае пытанне, чаму гэты базыліск, які з’яўляецца сімвалам д’ябла прадстаўлены на дзвярах святыні?
Каб адказаць на гэтае пытанне варта звярнуцца не толькі да гісторыі мастацва, бо, як вядома, у сярэднявеччы існавала шмат прыкладаў, калі для аздаблення храмаў былі браныя розныя міфічныя стварэнні тых народаў, нядаўна ахрышчаных, на тэрыторыі якіх будаваліся гэтыя святыні. Аднак глыбоцкія дзверы тут не вельмі падыходзяць, бо хрысьціянства ўжо існавала ад даўна, а акрамя таго трэба адразу зазначыць, што гэтыя дзверы не былі зробленыя ў Глыбокім, хутчэй за ўсё ў Варшаве (1) , адкуль менавіта і мог з’явіцца матыў базыліска – паводле тамтэйшага вядомага падання пра базыліска (2).
Мне здаецца, што перадусім трэба звярнуцца да сімволікі дзвярэй, месца, дзе знаходзяцца выявы базыліскаў. Дзверы святыні ў тых часах былі сімвалам вельмі патрэбным і канкрэтным, усталёўвалі выразную мяжу паміж сферамі прафанум і сакрум, якія былі фундаментам ментальнасці сярэднявечнага чалавека. А ў дадатак, дзверы былі месцам уваходу з адной сфэры ў другую. Варта прыгадаць старадаўні хрысціянскі падзел на сфэры "прафанум" – месца панавання д’ябла і "сакрум" – месца прызначанага і прысвечанага Богу. Такім чынам, да саркум належалі ўсе храмы, могілкі – тэрыторыя, якія мелі выразныя межы, але таксама і рэчы – усё гэта павінна было быць прысвечанае Богу канкрэтным рытуалам, адпаведным малітвамі, святой вадой, святой соллю, кадзідлам, св. алеям і г.д. Рэшта свету, усё непасвечанае, “непахрышчанае” належала да “малога караля” – д’ябла (адсюль таксама і словы “нехрысць”, “нечысць” – усё злое, падуладнае д’яблу).
Вобраз базыліскаў на дзвярах святыні такім чынам мог казаць вернікам, якія праходзілі праз гэтыя дзьверы, што яны пакідаюць валадарства д’ябла дый уваходзяць ў валадарства Бога на зямлі, у святыню, куды д’ябал не мае доступу.
Аднак вышэй сказанае можа падацца і недастатковым. Варта больш уважліва паглядзець на глыбоцкія базыліскі, якія не зусім былі падобныя да “сапраўдных” базыліскаў. У чым жа розніца? Розніца была ў тым, што базыліскі паводле ўсіх легендаў былі смерцяноснымі стварэннямі, бо забівалі кожнага праз свой позірк, а таксама праз сваё дыханне, якое было полымям.
Гледзячы на глыбоцкіх базыліскаў, мы бачым, што яны не відушчыя, што яны сляпыя, а з іх вочаў растуць расліны, тое самае адбываецца і з іх языком, які ўжо не поўны полымя, а поўны раслін.
Напэўна гэта барочная стылізацыя базыліска. Аднак у такой стылізацыі ўжо сімвал базыліска трохі іншы.
Вернік, уваходзячы праз гэтыя дзверы, бачыў, што базыліск ужо ў гэтай сферы сакрум не мае сваёй смерцяноснай
сілы, а перамяніўся ў нешкадлівае стварэнне, што магло сведчыць пра вялікую Божую моц, быць можа, робячы параўнанне да Бібліі, да прароцтва Ісайі 65, 25, дзе гаворыцца пра тое, што воўк і баранак будуць пасвіцца разам, а леў будзе есці салому як вол, а змяя будзе есці прах зямлі і не будуць рабіць нічога злога а ні на пагібель па ўсёй святой гары Божай. Можа, менавіта гэта і хацеў перадаць майстар дзвярэй, што на гэтай “святой гары” (Божы храм) аніякія злыя духі (базыліскі) не будуць рабіць нічога на пагібель чалавека, таму, уваходзячы ў гэтую святыню, кожны вернік мог быць спакойны, што, будучы ў гэтым касцёле, злыя духі не маюць над ім аніякай улады.
Падсумоўваючы, здаецца, што менавіта такая сімволіка крыецца за нашымі нешкадлівымі глыбоцкімі базыліскамі.
Заўвагі:
(1) У беларускай міфалогіі адсутнічае такі персанаж як базыліск (васіліск, Basilisk). Варта памятаць, што базыліск у Варшаву патрапіў ад немцаў, ад нямецкіх купцоў, што жылі ў Варшаве, бо базыліск увогуле гэта не славянская міфалогія, базыліск патрапіў з Усходу (Візантыя) у Свяшчэнную Рымскую Імпэрыю, у тым ліку і да нямецкага народу (І-шы рэйх), і ўжо з Германіі патрапіў у іншыя культуры
(2) Рынкавы пляц з’яўляецца адным з самых маляўнічых месцаў Варшавы. Дом №5 на паўднёвым баку ў сярэдзіне XVI ст. прыналежаў вядомаму каралеўскаму лекару Войцаху Очку, аўтару шматлікіх трактатаў пра лячэнне скураных хвароб. Сёння тут месціцца рэстаран «Пад Базыліскам». Яго назва нагадвае пра старое паданне аб паўптушцы-паўзмяі Базыліску, які забіваў позіркам смельчакоў, якія шукаюць скарбы. Базыліск хаваўся ў бяздонных падзямеллях аднаго з дамоў на вул. Крывое Кола, пакуль з ім не пакончыў сціплы шавец, які спусціўся туды з люстэркамі на грудзі й спіне. Смяротны позірк, адбіўшыся, забіў самога змея. Варшаўцы жартуюць, што прыкладна гэтак жа глядзяць сёння госці гэтага нятаннага рэстарана, атрымліваючы рахунак.
Івашчонак, А. Мястэчка Глыбокае : па матэрыялах даследвання.
Віцебская вобласць. Бібліяграфічны паказальнік ІІ кв. 2012 г.
Выкарыстаны фота К.Бахіра і іншых аўтараў з адкрытых крыніц інтэрнета
- 223

