Вёска Забор’е салідны ўзрост мае

Колькі дзён назад работнікі Гатаўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба правялі свята вёскі Забор’е. Вядучыя і госці свята караценька ўзгадалі нядаўнюю гісторыю вёсачкі, працавітых людзей, якія ўсё жыццё аддалі маленькай радзіме…
А што было ў далёкі мінулым? За смугой стагоддзяў? Аб гэтым паведаў газеце “Веснік Глыбоччыны” супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея А.Хайноўскі. Прапануем вашай увазе гэты гістарычны артыкул. Чытайце, ведайце, памятайце...
“Вёска Забор’е салідны ўзрост мае
Пра тое, што месца гэта было заселена людзьмі яшчэ ў дагістарычны час, сведчыць добра захаваны курганны могільнік ля вёскі. Пад час археалагічных даследаванняў было ўстаноўлена, што некаторыя насыпы можна датаваць X стагоддзем.
Датаваная гісторыя вёскі пачынаецца з сярэдзіны XIV стагоддзя. Вялікі князь Полацкі Андрэй Альгердавіч, які княжыў з 1350 па 1387 год, у адной з даравальных грамат нашчадкам вядомага княжацкага роду Корсакаў на валоданне сялом Семянцова на Беразвеччы пазначыў наступную мяжу: “... от Демьяного дорогою к Забор”ю, а от Забор”я дорогою к Озерцам, а от Озерец дорогою к Залесью”.
Больш падрабязныя звесткі пра вёску мы знаходзім у “Полацкай рэвізіі” 1552 г. Згодна гэтага дакумента, маёнтак Забор”е знаходзіўся ў спадчыне Корсакаў: “Остафей Глебович Корсак мает имене отчызное, двор Заборье. К тому двору местечко новоселое домов 13...”. Забор”е як новастворанае мястэчка мела карчму дваровую, а пры маёнтку працаваў млын, які малоў на дваровыя патрэбы. Значымасць мястэчка на землях Вялікага княства літоўскага падцвярджае карта Полацкага ваяводства, састаўленая вядомым картографам С. Пахалавіцкім у 1579 г. На ёй гэты населены пункт размясціўся на так званым “альгердавым шляху” пры выездзе з густога бору, што і тлумачыць назву паселішча. На працягу стагоддзяў Забор”е шмат разоў мяняла сваіх уласнікаў—прадстаўнікоў вядомых шляхецкіх родаў. Ад Корсакаў яно перайшло да Дэшпат-Зяновічаў, якія гаспадарылі тут да канца XVIII стагоддзя.
3 пачатку XIX стагоддзя маёнтак Забор”е належыў Алаізу Буйніцкаму. “Слоўнік геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх” змяшчае звесткі аб тым, што на той час Забор”е славілася сваімі кірмашамі і рознымі забавамі, якія адбываліся тут у жніўні месяцы. Усіх, хто прыязджаў на свята, гасцінна прымаў гаспадар Алаіз Буйніцкі, маршалак дзісненскі.
Хутчэй за ўсё, за ўдзел у паўстанні 1830-31 г.г. маёмасць Буйніцкага была канфіскавана, а маёнтак Забор”е перайшоў да Міхайлоўскіх.
У 1739 годзе пабудавана ў Забор’і праваслаўная царква св. Мікалая, якая прымала прыхаджан да 1876 г. і была зачынена з-за сваёй спарахнеласці. Трэба адзначыць, што праваслаўе тут было распаўсюджана з даўніх часоў.
Вядомы гісторык даўніны А.Сапуноў у сваіх працах адзначае, што ў канцы XIX стагоддзя, акрамя дзеючай царквы, тут знаходзіліся два царкавішчы, дзе калісьці дзейнічалі храмы. У 1874 годзе для Заборскай царквы куплены новыя званы вагой 3 пуды 57 фунтаў, а служачы паштовай станцыі Навашэўскі ахвяраваў царкве абраз “Христа Спасителя”. 3 1884 года пры царкве існавала перасоўная царкоўна-прыхадская школа, якую ў 1887 годзе наведвала 9 вучняў. Акрамя гэтай школы ў вёсках Гваздова і Восава дзейнічалі школы граматы. 3 1898 года пачала працаваць у вёсцы аднакласная прыхадская школа пры царкве.
У канцы XIX стагоддзя вёска Забор”е — цэнтр сельскай абшчыны, у склад якой уваходзілі вёскі Стэфанова, Валодзькава, Варанова. У 1880 годзе ў Забор”і налічвалася 12 дамоў з 138 прыхаджанамі. Згодна перапісу 1897 года, колькасць жыхароў у вёсцы значна вырасла (147 мужчын і 128 жанчын).
3 1861 года ў дакументах сустракаюцца звесткі пра Заборскую паштовую станцыю, якая выконвала важную ролю на шляху Вілейка-Дзісна. На станцыі мелася 10 коней, пры гэтым на ўтрыманне аднаго каня дзяржава выдзяляла 97109 рублёў у год. У 1885 годзе Глыбокае і Лужкі злучыла тэлеграфная сувязь, якая прайшла і праз вёску Забор”е.
У пачатку XX стагоддзя засценак Забор”е з вёскай набыў багацейшы землеўладальнік Глыбоччыны таго часу памешчык Граўр. На месцы старой царквы па тыповаму праекту імператарскай археалагічнай камісіі ў першыя гады стагоддзя была збудавана новая драўляная царква. У архітэктуры гэтага храма даволі яскрава праявіліся рысы афіцыйнага рэтраспектыўнага рускага стылю".
А.ХАЙНОЎСКІ, навуковы супрацоўнік гісторыка-этнаграфічнага музея.
Насельніцтва
1880 год — 138 прыхаджан, 12 дамоў.
1897 год — 285 жыхароў, (147 мужчын і 128 жанчын).
1921 год — 261 жыхар, 52 двары.
1931 год — 278 жыхароў, 56 двароў.
2000 год — 129 жыхароў.
2024 год – 55 жыхароў
Славутасці
Свята-Мікалаеўская царква (1914)
Курганны могільнік - 1, Знаходзіцца за 0,8 км на паўночны захад ад вёскі. 40 курганоў добрай захаванасці, вышынёй 0,8-3,2 м, дыяметрам 5-12 м. Вядомы з канца XIX стагоддзя. У 1974 годзе Г. В. Штыхаў раскапаў 1 курган. Знойдзены шкілет, арыентаваны галавой на захад, жалезны нож, віты бронзавы бранзалет з завязанымі канцамі, ганчарны гаршчок. У 1981 годзе абследавала Л. У. Дучыц. Датуецца XX стагоддзем [удакладніць], належаў крывічам.
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
курганны могільнік-2 Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад дарогі ў в. Юзуфава, ва ўрочышчы Зялёнка. 28 курганоў вышынёй 0,8-3,2 м, дыяметрам 5-12 м. Абследаваў у 1972 годзе М. А. Ткачоў. Раскопкі не праводзіліся.
Крыніцы інфрмацыі:
1. Хайноўскі А. Вёска Забор'е салідны ўзрост мае / А.Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. - 2001. - 7 лістапада.
2. Планы бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў раёна 2000, 2024 гадоў.
3. Адкрытыя старонкі сеткі Інтэрнет
- 408

