Пост — праздник души
На кніжных паліцах – навінкі!
БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДЗЕ
Неделя милосердия в Глубокской районной библиотеке
Выставка-обзор «СПИД: опасно этого не знать!»
Чарневіцкая сельская бібліятэка ў лістападзе 2025 года
«Бояться не нужно, нужно знать»
  Духовно-просветительская встреча "Пост — праздник души" состоялась  в Обрубской сельской библиотеке-клубе. ... Читать далее...
Беларускіх аўтараў. На роднай і рускай мовах. Класікаў і сучаснікаў! ... Читать далее...
Студыя паэтычнай творчасці «Сустрэчы для душы» разам з кіраўніком Жаннай Юркевіч успомнілі слаўнае імя Уладзіміра Караткевіча. ... Читать далее...
 «Аллея добрых книг» открылась  в Глубокской районной библиотеке. ... Читать далее...
В читальном зале Глубокской детской библиотеки действует выставка-обзор «СПИД: опасно этого не знать!», приуроченная ко Дню профилактики ВИЧ-инфекции. ... Читать далее...
 Чарневіцкая бібліятэка дзейнічае як інфармацыйна-культурны цэнтр для жыхароў сваёй зоны абслугоўвання... ... Читать далее...
 Ежегодно 1 декабря отмечается Всемирный день борьбы со СПИДом, который является следствием ВИЧ-инфекции. ... Читать далее...
Версия для слабовидящих

Статистика пользователей

Период:

2020-01-01 - 2025-12-10

Зарегистрировалось:

137

Сёння 6

Тыдзень 107

Месяц 382

Усяго 259,898

01 Ruchniki

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Удзелаўская дзіцячы-сад сярэдняя школа Глыбоцкага раёна

YI раённая канферэнцыя вучнёўскіх даследчых работ “Крок у будучыню”

Пошукава- даследчая работа на тэму:

 “ТКАНЫЯ І ВЫШЫВАНЫЯ РУЧНІКІ АГРАГАРДКА УДЗЕЛА І ЯГО НАВАКОЛЛЯ”

 Аўтары:

 вучаніцы 7 класа  Раманчук Сняжана,  Сурвіла Кацярына

 Навуковы кіраўнік:

 кіраўнік гуртка “Музеязнаўства”  І кв.кат.Брэхун Л.Р.

 Уводзіны

 Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу і сучаснаму. Папулярнасць яго нязменная, патрэба ў ім адчуваецца і ў нашы дні. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя, пераломныя моманты жыццёвага шляху чалавека. Можна ўбачыць ручнік на вяселлі, хрэсьбінах, у час прыёму гасцей, на пахаванні.

 На жаль, у наш час толькі асобныя вясковыя ткачыхі яшчэ працягваюць гэтыя традыцыі. Таму для гісторыі беларускай народнай культуры і для яе далейшага развіцця вельмі важна зберагаць і вывучаць тыя творы народнага мастацтва, якія яшчэ засталіся на нашай зямлі.

 Мэтй нашага даследавання з’яўлялася вывучэнне тканых і вышываных ручнікоў нашай мясцовасці (аграгарадок Удзела і прылягаючыя да яго вёскі), спосабаў іх вырабу і аздаблення, асаблівасцей іх абрадавага выкарыстання.

 У задачы даследавання ўваходзіла: 1) вывучыць літаратуру па тэме; 2) выявіць імёны мясцовых ткачых; 3) супаставіць спосабы ткацтва і дэкору мясцовых тканых і вышываных ручнікоў з арэальнымі тыпамі ручнікоў паўночна-заходняй Беларусі, апісаных у навуковай літаратуры; 4) выявіць асаблівасці іх абрадавага выкарыстання.

 Прадмет даследавання: тканыя і вышываныя ручнікі аграгарадка Удзела і прылягаючых да яго вёсак.

 У час работы па тэме былі выкарыстаны наступныя метады даследавання: экспедыцыя, экскурсія, параўнанне, візуалізацыя атрыманых дадзеных.

 Наша гіпотэза: мясцовыя тканыя і вышываныя ручнікі маюць агульныя рысы з найбольш вядомымі арэальнымі тыпамі ручнікоў паўночна-заходняй Беларусі, яны да сённяшняга дня з’яўляюцца абавязковым атрыбутам у сямейна-абрадавай дзейнасці мясцовага насельніцтва.

 З гісторыі беларускага ручніка

Ручнік – прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння. Шырыня яго звычайна 25-45 см, даўжыня 1-3 м. на Беларуі вядомы з глыбокай старажытнасці, з часоў з’яўлення ткацтва [12, c.478]. Ручнікі ткалі на кроснах – ткацтва на кроснах пашыралася з XI-XIII стст – з ільняных, баваўняных нітак, аздаблялі ўзорыстым натыканнем, вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі.

Ул.Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі” піша: “Ручнікі ў нас на Беларусі… розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца – менш “раслін і кветак”. Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру”. Прыняўшы да ведама падказку славутага пісьменніка, мы зірнулі на ручнікі больш уважліва. Стала відавочным, што асаблівасці духоўнай культуры беларусаў дапамаглі надзяліць геаметрычны арнамент ручніка яркай вобразнасцю. Для гэтага была ўжыта сукупнасць канкрэтных мастацкіх сродкаў.

Так, ва ўзоры заўсёды пераважаў ромб. Асаблівай папулярнасцю карысталіся грабеньчатыя ромбы, з падоўжанымі канцамі, запоўненыя разеткамі ці крыжамі. Пашыраныя за межамі беларускіх зямель матывы кручкаватых ромбаў, што з’яўляліся, відаць, спалучэннем ромба з крыжам, выява самога крыжа сустракаюцца рэдка. Невыпадковым з’яўляецца існаванне своеасаблівых сувязей паміж матывамі. Яно праяўляецца ў тым, што контуры адной фігуры з’яўляюцца адначасова контурамі другой, а ў адным малюнку наслойваецца некалькі розных па маштабу фігур, якія тым не менш захоўваюць адзін цэнтр і паралельнасць ліній. За падобнай сувяззю паміж фігурамі праглядаецца ідэя агульнай гармоніі і цэласнасці прыроды і сусвету.

Такім чынам, беларускі ручнік у лепшых сваіх узорах дае прыклад высокамастацкай тканіны, з ярка выяўленым характарам аздаблення. Своеасаблівасць яго - у выкарыстанні льняных нітак для фонавага палатна і баваўняных нітак для ўзорыстага ўтка, у чырвонай аднаколернасці ўзораў, у пераважанні геаметрычнага арнаменту, у арыгінальных вырашэннях кампазіцый, размешчаных у большасці па гарызантальнай восі.

Ручнік цесна звязаны з жыццём чалавека з моманту яго нараджэння і да моманту яго рытуальнай “пераправы “ ў мір продкаў. Акрамя таго ён суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з самай раніцы і да позняга вечара. Усходнія славяне раздзялялі гэты цудоўны твор чалавечых рук на 4 тыпы, кожны з якіх меў сваю сферу выкарыстання. Самым простым па вырабе лічыўся ручнік-“уціральнік”, якім у паўсядзённым жыцці выціралі рукі і твар. Як правіла, ён не меў арнаментальнага ўпрыгожання. У ручніках- “трапкачах” насілі абед на поле.

Ручнік – увасабленне дабра – у гэта верылі ўсе ўсходнія славяне. Ручнік здольны дабратворна ўплываць на жыццё, у ім схавана магічная сіла. Гэтыя трывалыя ўяўленні вызначылі нязменную функцыю ручніка як абярэга. Сімвалічная ідэя дабра, дабратворнасці, бадай, найбольш ёміста ўвасоблена ў ручніках-“абыдзённіках” Да звычаю калектыўнага вырабу тканіны або ручніка, ад самага пачатку – прадзення ніці – і да заканчэння ткання, звярталіся тады, калі трэба было адвесці ад вёскі хваробу, ратаваць ураджай ад засухі і ў іншых небяспечных для людзей абставінах. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі ручнік-“абыдзённік”, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу [8, c.10].

Самым высокім статутам надзяляўся ручнік-“набожнік”, якім упрыгожвалі чырвоны кут хаты, накрываючы абразы з выявай Багародзіцы, Іісуса Хрыста ці найбольш шануемых святых. Да пачатку ХХ ст. ручнік-“набожнік” шырока выкарыстоўваўся ў абрадавых мэтах. Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у вясельных і радзінных абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання. Пры пахавальных абрадах на ручніках апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж.

Як мастацкая рэч, ручнік-“набожнік” размаўляе з намі на мове вобразаў, таму з ручніком асацыіруюцца ўстойлівыя сімвалы-вобразы: ручнік-шлях, ручнік-повязь, ручнік-увасабленне дабра.

Вобраз ручніка-шляху нараджаўся ў прадзенні ніці, прадаўжаўся ў сувоі палатна і даўжыні ручніка, якая суадносілася з размахам рук, ростам чалавека, памерамі яго жылля. Ручнік у вясельным абрадзе павінен быў спрыяць пераходу маладых у іншы ўзроставы і сацыяльны стан. Ручнік у пахавальным абрадзе служыў шляхам для душ памерлых у іншы свет.

Вобраз ручніка-повязі сімвалізуе ў вясельных абрадах сувязь двух пачаткаў – мужчынскага і жаночага, двух сем’яў, двух родаў, у памінальных абрадах – непарыўную сувязь паміж членамі роду.

Па розных этнаграфічных крыніцах дзяўчына пачынала рыхтавацца да замужжа з дванаццацігадовага ўзросту і павінна была сваімі рукамі выткаць ад 25 да 40 ручнікоў, якія потым шырока выкарыстоўваліся ў многіх рытуальных сітуацыях. Любы з абрадавых ручнікоў перадаваўся ад бабулі да ўнучкі. Умудроная вопытам бабуля перадавала зашыфраваныя ў геаметрычных фігурах веды аб сваім генеалагічным дрэве і яго ўбудаванасці ў свет старажытных традыцый. Ткалі ручнік звычайна ў пост. Ці перад тым як закласці аснову для будучага “шляху жыцця” жанчына абавязкова тры дні пасцілася. Нашы продкі мелі строгае патрабаванне – цела і душа павінны ачысціцца ад грахоў, напоўніцца святлом і дабрынёй, паводзіны стаць стрыманымі і пачцівымі, спакойнымі і ўраўнаважанымі. Лічылася, што рукі ў гэты час напаўняюцца энергетыкай Сусвету.

Свая сістэма сімвалаў, звязаных з космасам, склалася ў беларускім народным арнаменце, які ўжываўся ў ткацтве і вышыўцы. Гэта – сімвалы зямлі, сонца, месяца, а таксама матыў яднання зямлі і сонца. Сонца там падаецца выявай ромба з прамянямі ва ўсе бакі. Зямлю сімвалізуе ромб з прамянямі, скіраванымі ўнутр фігуры. Яднанне ж зямлі і сонца перадаецца праз укампанаванне аднаго з гэтых дэкаратыўных матываў у другі. Гэта асноўныя фігуры, якія, лічыцца, выяўлялі “касмічныя” сімвалы арнаментыкі беларускага народнага ткацтва і вышыўкі.

Характарыстыка тканых і вышываных ручнікоў аграгарадка Удзела
і яго наваколля.  Народнае ткацтва на Удзелаўшчыне

 Як сведчаць гісторыкі і этнографы, ручное ўзорыстае ткацтва ў пачатку ХХ ст. было скрозь распаўсюджаным на тэрыторыі Беларусі і мела характар высокаразвітога віду народнага мастацтва. З пакалення ў пакаленне перадавалася ткацкае майстэрства, складаліся арнаментальныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя традыцыі афармлення тканін. З цягам часу народныя тканіны кожнага куточка Беларусі набылі свае асаблівасці, сваю непаўторную прыгажосць.

Не выключэнне з гэтага і ўзорыстыя тканіны Удзелаўшчыны. Як і ў іншых месцах Беларусі, тут здаўна ткалі тонкае льняное палатно, тканіны для жаночага і мужчынскага адзення. Даматканае адзенне на Віцебшчыне рана выйшла з ужывання і да нашых дзён мала захавалася. Сярод традыцыйных даматканін ёсць і такія, што ўжываюцца ў сялянскім побыце і ў наш час. Немагчыма ўявіць сабе ўтульнасць беларускай вясковай хаты без даматканых ручнікоў, абрусаў, посцілак.

 Што датычыцца ручнікоў Удзелаўшчыны, то намі было выяўлена наступнае. Ручнікоў канца ХІХ ст. з традыцыйным ромба-геаметрычным арнаментам на Удзелаўшчыне не захавалася. У ручнікоў першай і другой паловы ХХ ст. з’явіліся стылізаваныя раслінныя матывы.

Даследаваныя намі ручнікі аграгарадка Удзела і навакольных вёсак выкананы пераважна ў тэхніцы двухуточнага ў чатыры ніты і аднаўточнага ткацтва ў восем нітоў. Са слоў мясцовых ткачых, былі сярод іх і такія, што валодалі шматнітоваў тэхнікай (10,12 і нават 16 нітак). Магчымасць шматнітовай тэхнікі вельмі шырокая, і таму арнаментальная распрацоўка дэкору больш складаная і разнастайная – ад шашачна-геаметрычнага арнаменту да геаметрызаваных матываў, якія нагадваюць кветкі, раслінныя разеткі або іншыя фігуры.

Іншы раз даматканкі, якія мы раглядалі і фатаграфавалі, мелі такі складаны малюнак і такі дасканалы выгляд, што іх можна палічыць за фабрычныя тканіны. Гэта, напрыклад, адносіцца да ручніка, які выткала Тэкля Эдуардаўна Брэхун з аграгарадка Удзела.

2 Ruchniki

Нельга адвесці вачэй ад яго вытанчанага мігатлівага дэкору. А між тым ручнік выраблены на звычайных вясковых кроснах з дапамогай васьмі нітоў (рыс.2).

 Для таго каб выткаць тканіну ў тэхніцы шматнітовага ткацтва, трэба добра валодаць ткацкай граматай – умець запісаць і прачытаць заправачны малюнак кожнага ўзору, а таксама падрыхтаваць да ткання кросны – правільна заправіць аснову ў ніты і бёрда, падвязаць ніты да падножак пэўным чынам, адпаведна малюнку, націскаць на панажы ў працэсе ткання.

 Як сцвярджаюць навуковыя крыніцы, такая складаная тэхніка ткацтва з’явілася тут невыпадкова. Здаўна ткацтва на Віцебшчыне было добра развіта. Так, напрыклад, у справаздачы Віцебскага Таварыства сельскіх гаспадароў ад 4.10 1883 г. адзначалася, што ў некаторых месцах губерні ткацкі промысел у сельскіх мясцовасцях меў значныя памеры, а якасць тканіны даходзіла да дасканаласці. У тую пару на беларускія тканыя вырабы быў значны попыт на замежных рынках. Таму з’явілася думка аб павышэнні іх мастацкага і тэхналагічнага ўзроўню. З гэтай мэтай пачалі стварацца вучэбна-ткацкія школы-майстэрні. Першая такая школа была заснавана памешчыцай Ганнай Маоль у 1889 г. у яе маёнтку Юзафінава Віцебскай губерні. Потым пры садзейнічанні і ўдзеле Г.Маоль з’явілася цэлая сетка такіх навучальна-практычных устаноў. Уплыў гэтых школ-майстэрань яшчэ доўгія гады назіраўся на Віцебшчыне [8, c.15].

 У 70-х гг. ХХст. ткацтва ў актыўнай форме існавала на Удзелаўшчыне. Тканыя посцілкі і ручнікі ў гэты перыяд яшчэ знаходзілі шырокае выкарыстанне ў вясковым побыце. Асабліва папулярнымі былі камплекты (дыван і накідкі на крэсла), дываны-“радугі” і вясельныя ручнікі.

Падчас напісання дадзенай работы мы выявілі больш за 10 майстрых, якія займаліся ткацтвам на Удзелаўшчыне ў перыяд з 40-х да 70-х гг. ХХ ст. Мы сустрэліся з самімі ткачыхамі або з іх дзецьмі. Нам былі паказаны даматканыя вырабы, у тым ліку ручнікі. Майстрыхі расказалі аб тэхніцы іх выканання. Аднак, ні адна з майстрых сёння ўжо не тчэ. Ні ў адной хаце мы не сустрэлі працуючых кроснаў. Толькі ў сям’і Шымко Вольгі Мацвееўны (1938 г.н., а.г.Удзела) актыўна займаюцца вышыўкай, у тым ліку і ручнікоў. Яна і яе дочкі вышываюць ручнікі, якія дэманструюцца на разнастайных выставах народнага мастацтва. Заснавальніцай дынастыі майстрых можна назваць маці Вольгі Мацвееўны, Залеўскую Анастасію Пятроўну. Сваімі каранямі іх дынастыя паходзіць з Беласточчыны, дзе сям’я жыла да 1946 года.

8 Ruchniki 6

Мы сфатаграфавалі ручнік, які Вольга Мацвееўна захоўвае ў памяць аб сваёй маці і які быў вытканы яшчэ да вайны ў роднай вёсцы Завады, што на Беласточчыне (рыс.8).

 

 Мясцовыя традыцыі аздаблення ручнікоў

 Як адзначалася вышэй, ручнікоў к. ХІХ ст. з традыцыйным ромба-геаметрычным арнаментам на Удзелаўшчыне не захавалася. У ручніках першай і другой паловы ХХ ст. з’явіліся стылізаваныя раслінныя матывы. Сярод выяўленых намі ручнікоў пераважаюць вышываныя гладдзю ручнікі з наступнымі натуралістычнымі матывамі: кветкамі, галінкамі, лісцем. Большасць ручнікоў вышыты пакупнымі баваўнянымі ніткамі, якія маюць розныя колеры – чырвоныя, зялёныя, ружовыя, сінія, блакітныя, чорныя, ці натуральнага белага колеру.

 

2 Ruchniki

Некаторыя ткачыхі расказалі, што вытканыя імі ручнікі маглі доўга ляжаць у шафе без вышыўкі, толькі потым яны браліся за іх вышыванне (рыс.2).

 У альбоме В.Лабачэўскай “Повязь часоў – беларускі ручнік” мы знайшлі адказ на пытанне, чаму раслінныя матывы паступова выцеснілі традыцыйныя ромба-геаметрычныя арнаменты. На думку вучонай, адказ ад традыцыйных ручнікоў на карысць новым выкліканы не толькі зменай эстэтычных пераваг і стылістыкі мастацкай мовы, магчымасцямі ўжывання для ткання і вышыўкі разнастайных паліхромных нітак. Асноўная прычына бачыцца ў тым, што дахрысціянская парадыгма вычарпала сябе ў свядомасці беларусаў. У народнай культуры канчаткова запанавала хрысціянская культурная парадыгма з яе стрыжнёвай ідэяй раю. Пераход народнага мастацтва да засваення новых эстэтычных ідэалаў, мастацкіх норм адбываўся паступова на працягу ХХ стагоддзя. Узоры ручнікоў канца ХІХ стагоддзя, у якіх упершыню з’явіліся раслінна-кветкавыя ўзоры і тэхніка вышывання крыжыкам, былі, мабыць, першымі візуальнымі прадвеснікамі каардынальнай змены парадыгмы ў народнай культуры [8,c.16].

Ручнікі прадаўжалі займаць пачэснае месца ў чырвоным куце хаты. Але гэта былі ўжо зусім іншыя ручнікі. На іх аптымістычна гучала вясёлка фарбаў, цвілі рознакаляровыя кветкі, буялі сакавітыя букеты. Прыбраная такімі ручнікамі покуць нагадвае рай, аб якім марыць чалавек пры жыцці.

12 Ruchniki 11Ствараючы ў хаце пры дапамозе ручнікоў шматколернае, кветкавае ўбранне, жанчыны нібы ўладкоўваюць райскую прастору на зямлі (рыс.12).

 Яшчэ адным элементам дэкору ўдзелаўскіх ручнікоў з’яўляюцца вязаныя кручком карункі. Яны надаюць ручнікам выгляд завершанай рэчы (рыс.2,5,6,7,8).

2 Ruchniki 5 Ruchniki 36 Ruchniki 47 Ruchniki 58 Ruchniki 6

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Некаторыя з выяўленых намі ручнікоў аздоблены махрамі (рыс.10).

10 Ruchniki 8

 

 

 

 

 

 

 

 

Мясцовыя традыцыі абрадавага выкарыстання ручнікоў                         

 Даследуючы традыцыі абрадавага выкарыстання ручнікоў на Удзелаўшчыне, мы высветлілі, што шырокае бытаванне тканага і вышыванага ручніка і ў наш час тут абумоўлена яго нястрачанай функцыяй атрыбута вясельнага абраду. На вяселлях, як у каталіцкіх, так і ў праваслаўных сем’ях, ручнік выконвае розныя функцыі: у католікаў нашай мясцовасці прынята дарыць ручнік сватам падчас заручын, перавязваць ручнікамі сватоў на вяселлі, у касцёле і царкве падчас вянчання маладыя становяцца на ручніку, у царкве, абыходзячы алтар, маладая павінна цягнуць ручнік за сабой.

11 Ruchniki 9

Пры падрыхтоўцы да вясельнага абраду сем’і, якія не маюць даматканых ручнікоў, набываюць ручнікі, вырабленыя на беларускіх фабрыках мастацкіх вырабаў (рыс.11). 

Вясельныя ручнікі, вытканыя мясцовымі майстрыхамі або набытыя ў крамах для пасагу дзяўчыне, праз удзел у рытуале, набываюць свае дабратворныя якасці. Прайшоўшы праз рытуальнае пасвяшчэнне ў вясельных абрадах, ручнікі робяцца сродкам прыцягнення дабра, даравання навакол сябе шчасця.

 Ідэя дабра, дабратворнасці найбольш ёміста ўвасоблена ў ручніках-“абыдзённіках”. Як сцвярджаюць шматлікія навуковыя крыніцы, апошнія факты вырабу абыдзённых тканін, зафіксаваныя этнографамі, прыходзяцца на ваенныя гады [8, c.10]. Мы пастараліся высветліць, ці меў месца абыдзённы абрад ў нашай мясцовасці. Тут нас чакала сапраўдная сенсацыя: гэты абрад да сённяшняга дня штогод праводзіцца ў вёсцы Папшычы (6 км ад а.г. Удзела). На жаль, мы не сталі першаадкрывальнікамі гэтага факта: некалькімі месяцамі раней студэнт БДУ Дзяніс Філіпчык даследаваў абыдзённы абрад у в.Папшычы. Аб сваіх даследаваннях ён паведаміў ў сродках масавай інфармацыі ў чэрвені 2013г. [ 14, c.6].

 У заключэнні мы хочам прадаставіць апісанне папшыцкага абраду, якое складзена намі на падставе ўласных даследаванняў і вынікаў даследавання Дзяніса Філіпчыка. Застаецца толькі дабавіць, што ў абрадзе кожны год удзельнічаюць многія вучні нашай школы (іх бабулі або дзядулі родам з Папшычоў), у пачатку 70-х гг. у гэтым абрадзе ўдзельнічала і кіраўнік нашай даследчай працы.

 Абрад “Насіць намётку” жыхароў вёскі Папшычы Удзелаўскага сельсавета

 Штогод на “Зялёныя свёнткі” (на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога на апосталаў) жыхары вёскі Папшычы нясуць на могілкі адрэз палатна, які загадзя набывае ўся вёска. Павінны несці яго не абы-хто, а дзеці. Палатно, якое ўсе вяскоўцы называюць намётка, асвячае ксёндз і пасля яно ахвяруецца на патрэбы парафіяльнага касцёла. На намётку кладуць яшчэ і грашовыя ахвяраванні. Вяскоўцы вераць, што праносячы гэта палатно яны робяць ахвяру Пану Бога, а Ён за гэта сцеражэ вёску, захоўвае людзей ад хваробаў і пажараў. Здавалася б, прыгожы звычай, цікавая традыцыя і не больш, але гісторыя намёткі сваімі каранямі сягае глыбока ў мінулае.

Абрад, які здзяйсняюць жыхары вёскі, у навуковай літаратуры называецца абыдзённым, а палатно – абыдзённікам. Назва абрада паходзіць ад словазлучэння “аб адзін дзень”. Сама гэта назва і падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. Менавіта за адзін дзень ці за адну ноч вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Здзяйснялася гэта, каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, пажару, засухі ці нават вайны.

Напрацягу ўсяго ХІХ ст. выраб абыдзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай. Выраблялі абыдзённік яшчэ і ў першай палове ХХ ст., асабліва падчас Другой сусветнай вайны. Паступова абрад гэты адыходзіць у нябыт і застаецца пераважна ў пасіўнай форме – у памяці людзей. У в. Папшычы абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу і ператварыўся ў сталую штогадовую практыку.

 Хутчэй за ўсё да абыдзённага абраду ў Папшычах звярнуліся на мяжы ХІХ і ХХ ст.ст. Падчас Першай сусветнай вайны ў вёсцы размяшчаліся царскія войскі, а пасля, па сведчаннях старажылаў, сюды даходзілі нямецкія раз’езды. Адна з эпідэмій, з тых, што ўзнікалі падчас ці пасля войнаў, магла стаць тым катаклізмам, які і выклікаў да жыцця абыдзённы абрад [ 14, c.6]. Амаль заўсёды, калі мы сутыкаемся з гісторыяй нашай роднай зямлі, мы рана ці позна натыкнёмся на цікавую легенду. Не абышлося без падання і ў Папшычах. Вось што расказала Марыя Францаўна Кушнярэвіч, 1941 г.н.:

“Нашто носяць, гэтак нашыя бацькі казалі. Ну, гэта яшчэ не ведаю, да вайны, ці нават раней, страшная хвароба была – халера. Усіх людзей сплош радам касіла, не было ад яе паратунку для жывой душы.

Ну, што рабіць? Ужо тут блізка падступае хвароба да Папшычоў. Сабралася вёска, параіліся людзі ці падказаў ім хто, але за ноч выткалі палатно. Ну, якое там што ў каго было зняслі па нітачцы і выткалі.

І што рабіць? Ля вёскі была дарога кругом. Даўней круга вёскі хадзілі. Ну сабраліся ўсе і пайшлі гэтай дарогай. І ружанец, і малітвы і пайшлі круга вёскі ўжо прасіць Бога, каб абараніў ад гэтай халеры.

І праз некалькі дзён цішыня. Ніхто ўжо не ўміраў у Папшычах. У Зялезьках уміралі, там недалёка гэта вёска. Уміралі, уміралі. Тады некаму са старых у Зялезьках сасніўся сон, а ў ім – хвароба. Кажаць ёй стары: “Чаго ты прычапілася?! Ідзі ў Папшычы!” А хвароба адказвае яму: “Не пайду. Там рыжы сабака круга вёскі лётаець. Ніхто не памёр у Папшычах, а з таго часу пачалі людзі ткаць гэту намётку кожны год, каб сцярог Бог вёску і яе жыхароў ад усялякага ліха”.

 Для назвы працэсу прыгатавання абыдзённага палатна ў розных частках Беларусі ўжываюцца наступныя азначэнні: обрэкаліся, оброк, обрэкліса, абракаліся, жертву делалі, ахвяраваліся. У жыхароў в. Папшычы існуе дзве назвы для азначэння самаго працэса. Першая назва адлюстроўвае бачны бок абраду і гучыць як “насіць намётку”. Калі ж справа даходзіць да высвятлення мэты дадзенага працэса, то ўжываюць слова “афяраваліся”: “І людзі рашылі гэткую афяру. Хто ім пасаветаваў ці яны самі. І выткалі за ноч палатна кусок і круга вёскі абхадзілі. І тады ў касцёл на аўтар насілі намётку, у Мосара. Парафія ж масарская. Людзі афяраваліся ўжо гэдак выткаць гэту намётку. Ну і тады збіраліся і абхадзілі кругом вёскі з гэтай намёткай”. У свядомасці людзей вельмі моцна жыве ўяўленне аб тым, што стварэнне абыдзёнага палатна з’яўляецца ахвярай. Раней ахвярай Богу было само палатно. Палатно, якім абносілі вёску з працэсіяй, заносілі на могілкі, а пасля – у парафіяльны касцёл у в. Мосар.

 На сённяшні дзень простае белае палатно набываюць, а ахвяру складаюць грашыма: “Аддаюць намётку. Настольнікі робяць на алтар, на іхнія патрэбы. Кажды год купляецца новая. А даўней ткалі яе. Уся вёска, хто што даваў. І гэту намётку ткалі за дзень, за ноч. Купляем цяпер...” Прычым кожны вясковец абавязкова павінен пакласці грошы, бо гэта ахвяра ўспрымаецца не як персанальная асобнага чалавека, а як калектыўная ўсёй вёскі.

Этнографы зафіксавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі асаблівасць, калі стварэнне абыдзённага палатна жанчынамі спалучалася з вырабам мужчынамі крыжа ці некалькіх крыжоў і наступнай іх устаноўкай у вёсцы. У Папшычах ні адзін з вяскоўцаў не адзначыў такой асаблівасці.

 Здзяйсняўся абрад у савецкі час, нягледзячы на забароны і штрафы, якія выплочвала пасля ўся вёска. Намётку таемна неслі на могілкі, а адтуль у в. Мосар.

96Людзі захавалі сваю веру ў часы ваенных ліхалеццяў. І ў пасляваенныя цяжкія, бедныя ды галодныя гады ў Папшычах не адступіліся ад гэтага звычаю. Не зракліся яго і ў савецкі час змагання з рэлігіяй. Новы перыяд у існаванні абрада пачынаецца ў канцы 1980-х пачатку 1990-х, калі ў Мосар прыязджае ксёндз Ёзас Булька.

Не засталося ў вёсцы маленькіх дзяцей, усё менш і менш з кожным годам бабулек... Нехта лянуецца прыехадзь з горада ці Удзела да крыжа і прайсці гэты шлях, а нехта ўжо і не разумее, навошта насіць гэту намётку. Таму і паўстала ідэя ўключыць абыдзённы абрад жыхароў вёскі Папшычы ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь [14,c.6].

Зразумела, што захаваць папшыцкую намётку можна толькі агульнымі намаганнямі. Наша гісторыя і наша спадчына павінна быць патрэбна, найперш нам і толькі пасля ўжо ўсім астатнім – гасцям, турыстам, навукоўцам.                                                                                                                         

Заключэнне

Такім чынам, хатняе ткацтва Удзелаўшчыны складалася ў межах агульнага развіцця народнага ткацтва Беларусі. Пры гэтым яно набыло свае характэрныя рысы, якія праявіліся ў асаблівасцях кампазіцыйна-рытмічнай пабудовы дэкору, дакладнай графічнай распрацоўцы матываў арнаменту, выкарыстанні складанай шматнітовай тэхнікі ткацтва і тэхнічнай дасканаласці тканых вырабаў. Можна зрабіць вывад, што удзелаўскія ручнікі па тэхніцы свайго выканання адносяцца да арэальнай групы віленскіх шматнітовых ручнікоў, а па дэкору — да ручнікоў Панямоння. Гэтым самым мы падцвярджаем нашу гіпотэзу.

На жаль, у наш час ніхто з мясцовых ткачых не працягвае гэту справу.Толькі асобныя з іх займаюцца вышываннем ручнікоў. Таму для гісторыі беларускай народнай культуры і для яе далейшага развіцця вельмі важна збіраць і вывучаць тыя творы народнага мастацтва, якія яшчэ засталіся на нашай зямлі.

 Лічым, што наша гіпотэза аб актыўным выкарыстанні на Удзелаўшчыне ручнікоў у абрадавай дзейнасці таксама знайшла сваё падцвярджэнне. Мясцовыя ручнікі – абавязковы атрыбут у вясельных абрадах. Даследуючы ручнікі, мы пазнаёміліся з абрадам, які лічыўся выйшаўшым з ужытку на Беларусі, а ў нашай мясцовасці ён праводзіцца і сёння. Гутарка ідзе пра абрад “Насіць намётку” жыхароў вёскі Папшычы Удзелаўскага сельсавета.

 Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Астрэйка, З.І. Беларускі ткацкі арнамент перабіранай і закладной тэхнікі. — Мн., 1929.
  2. Беларускае народнае ткацтва: Альбом. — Мн.: Выд. АН БССР, 1951, Т.1.
  3. Беларуская народная творчасць: Альбом. — Мн.: Беларусь, 1975.
  4. Валадзько, Р.Ф. Ручнікі / Р.Ф. Валадзько // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1980. — №3.
  5. Ельнікава, М. Ручнік як сімвал роду // Ручнік як увасабленне традыцыйнай культуры беларусаў. Матэрыялы абласной навукова – практычнай канферэнцыі: Каталог выстаўкі “Віцебскі ручнік”. Віцебск: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, 1998.— С.15 – 19.
  6. Дзёмкіна, В. Ручнік – дарога да чысціні і святла / В. Дзёмкіна // Мастацтва. — 1995. — №5. —  С.57 – 59.
  7. Кацар, М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка / Пер. з рус., літ. апрац., і навук. рэд. Я.М.Сахуты. - Мн. : Беларус. Энцыкл., 1996. - 208 с.
  8. Лабачэўская В.А. Повязь часоў. Беларускі ручнік [Выяўленчы матэрыял]: [альбом] / Вольга Лабачэўская. - Мінск : Беларусь, 2009. - 295, [3] с.
  9. Мастацтва, створанае народам [Выяўленчы матэрыял]: жывапіс, дрэва, саломка, лён, ткацтва, кераміка: Мінск : Беларусь, 1978. - 118, [1] с.
  10. Нячаева, Г. Ручнік – шлях Г.Нячаева // Мастацтва, 1998, №2. С.68 – 70.
  11. Музей беларускага народнага мастацтва [Выяўленчы матэрыял]: [Альбом / Аўт. уступ. арт. і склад. І.М.Паньшына. - Мн. : Беларусь, 1983. - 190, [1] с.
  12. Сахута, Я.М. Ручнік. Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 478с.
  13. Фадзеева, В. Беларускі ручнік / В.Фадзеева. - Мінск : Полымя, 1994. - 325, [2] с.
  14. Філіпчык, Д. Жывы скарб, альбо Папшыцкая намётка // Каталіцкі Веснік. — 2013.— №6. — с. 6-7
  15. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мінск : БелСЭ, 1989. — 375 с.