Легенды і паданні Залескага краю


Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Залеская дзіцячы сад-сярэдняя школа Глыбоцкага раёна”
Даследчая праца "Легенды і паданні Залескага краю"
Аўтар: Катовіч Павел, вучань 6-га класа Залескай СШ
Кіраўнік: Шарыпкін Рыгор Леанідавіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры
в. Залессе, 2019 г.
УВОДЗІНЫ Змест
АСНОЎНАЯ ЧАСТКА
- Легенда пра княжацкі замак
- Легенда пра Мамчыну горку
1.3 Легенда пра камень з крыжам
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІСАК ВЫКАРЫСТАНЫХ ЛІТАРАТУРНЫХ КРЫНІЦ
УВОДЗІНЫ

Даследчая праца вучняў Залескай сярэдняй школы “Легенды Залескага краю” з’яўляецца свайго роду лагічным завяршэннем грунтоўнага даследавання легендаў Залесчыны. Распачыналася работа ў 2007-м г., са стварэння краязнаўчага маршруту “Залесчына”, у 2008 годзе распрацаваны турысцка-краязнаўчы маршрут “Блакіт Залесчыны”. У абодвух праектах ўпершыню прагучалі легенды нашай мясцовасці.
Рыхтавалі праекты ўдзельнікі краязнаўчага гуртка “Наша Спадчына”. Першапачаткова інфармацыя мела сціслы характар: змест легендаў, месца падзей, вытокі легендаў. Ужо потым далейшае даследаванне народных гісторый пачало дапаўняцца дэталямі: знакамітыя навукоўцы аб легендах Залесчыны, літаратурныя апрацоўкі і варыянты легендаў, пошук усіх літаратурных крыніц, дзе калісьці друкаваліся гэтыя легенды. Так паступова назапасіўся даволі багаты матэрыял, які дазволіў нам выдзеліць легенды Залесчыны як асобную тэму ў краязнаўстве нашых мясцін.
Мэта і задачы даследавання:
- падрабязнае апісанне і вывучэнне зместу легендаў;
- гістарычныя версіі і гіпотэзы аб рэальнай аснове падзей, звязаных са зместам прыведзеных легендаў;
- вывучэнне невядомых старонак гісторыі Залескага краю;
- уключэнне мясцін Залескага краю, непасрэдна звязаных з легендамі, у турысцка-краязнаўчы маршрут “Залесчына гістарычная”.
Аб’екты і прадметы даследавання. У даследчай працы ідзе размова пра тры легенды Залесчыны: легенда пра княжацкі замак (Зубкоўскае гарадзішча ранняга жалезнага веку), легенда пра Мамчыну горку (графская сядзіба ў маёнтку Залессе-Астроўна), легенда пра камень з крыжам (камень з крыжам пад Пакровам у лясным урочышчы Цатоўка).
Крыніцы легендаў: запісы Язэпа Драздовіча, археолага Ф.В.Пакроўскага, успаміны жыхароў вёсак Лучайка і Залессе, літаратурныя апрацоўкі легендаў паэта Міхася Машары і пісьменніка Юрыя Татарынава.
Метады даследавання:
- занясенне на карту турысцка-краязнаўчага маршруту кожнага месца, звязанага з легендай, як рэальнага гістарычнага аб’екта, вывучанага намі ў час краязнаўча-пошукавых вандровак: прыродныя аб’екты – Зубкоўскае гарадзішча і Мамчына горка, гістарычны аб’ект – камень з крыжам пад Пакровам;
- вывучэнне і аналіз тэкстаў народных легендаў, літаратурных апрацовак сучаснымі аўтарамі;
- праца з навуковымі крыніцамі, архіўнымі і дакументальнымі матэрыяламі, дзе ўпамінаюцца легенды Залескага краю;
- фатаграфаванне даследуемых аб’ектаў;
- творчая работа: стварэнне мастацкіх замалёвак на сюжэты даследаваных легендаў.
АСНОЎНАЯ ЧАСТКА
- Легенда пра княжацкі замак
Месца падзей: вёска Зубкі, Залескі сельсавет, гарадзішча ранняга жалезнага веку, узвышша над возерам Зубкоўскім…
Тут Вы можаце ўбачыць панараму на старажытнае гарадзішча ранняга жалезнага веку каля вёскі Зубкі. Гарадзішча мы сфатаграфавалі з вяршыні залескага бору – месца, дзе калісьці знаходзілася цэлая група пахавальных курганоў-валатовак. Расійскі археолаг Ф.П.Пакроўскі ў 1890-х г.г. даследаваў гэтыя мясціны. Ён паспеў агледзець каля васьмі курганных насыпаў, аб чым аставіў запісы ў сваёй кнізе “Археологическая карта Виленской губернии” (Вільня, 1893 г.): “…Среди этих гор наблюдается 8 курганов, в 1 сажень вышиною и до 3 саженей в поперечнике. В пределах Залесской волости есть также курганы, называемые здесь волотовками, при деревне Нарушёво – 10 (вышина 2 аршина, поперечник 2 ½), при имении Узречье, поместье Корсака, при реке Добрыловке – 5 (вышина 5-7 аршин, поперечник 6-10 аршин) и при деревне Узречьи, на земле крестьян, - 7 курганов, от 2 до 3 аршин вышиною и от 7 до 15 аршин в поперечнике”[1] [с.12-13].
Восенню 1934 г. старажытныя гарадзішчы і курганныя могільнікі на Залесчыне даследаваў Язэп Драздовіч. Усё ўбачанае, вывучанае, даследаванае Я.Драздовіч акуратна занатоўвае ў сваім рукапісным “Дзённіку”, які пачаў вясці летам 1933-га, з моманту вяртання з Беласточчыны на Глыбоччыну. Падрабязнае апісанне Зубкоўскага гарадзішча ў Драздовіча заняло цэлую старонку. А сярод яго самадзейнай археалагічнай справаздачы пра Зубкі мы нечакана натрапілі на легенду, якую Язэп Драздовіч у дзень тых даследаванняў запісаў з вуснаў аднаго з мясцовых жыхароў. Самае цікавае: на сённяшні дзень гэта легенда захавалася толькі ў “Дзённіку” Язэпа Драздовіча! З нашых мясцовых залескіх старажылаў ніхто яе не памятае і не ведае.
Вось што пісаў Язэп Драздовіч: “Аб гарадзішчы гэтым захавалася прыгожая легенда, што тут на гэтай гары калісь у старасвецкія часы стаяў вялікі замак, дзераўляны, а ў ім жыла красавіца княжна, якая ў часе нейкай вайны з некім – калі замак ейны быў абложаны і падпалены, увесь агнём заняўся, то княжна гэная запрагла шасцярых коней у павозку са званкамі ды, разагнаўшы іх скрозь агонь і рады ворагаў, шыбанула шасцярыком з гары ў возера, дзе і па дзісь дзень раз у год у дзень таго пажару не раз чуюць людзі званкі, як княжна раз’язджаець шасцярыком па дну возера”[2] [с.450].
Пра што гаворыць гэта легенда аб Зубкоўскім гарадзішчы?
Язэп Драздовіч упамінае замак, князёўну, аблогу і пажар. Вёска Залессе ў сярэднявеччы была ўласнасцю магнатаў з роду Корсакаў, лічылася багатай сядзібай, навакольныя землі і лясы належалі па спадчыне многім прадстаўнікам Корсакаў. Аб багацці гаспадароў Залесся хадзілі ў нашай мясцовасці шматлікія паданні. Адзін гістарычны факт і яшчэ адна легенда падцвярджаюць нашыя высновы: “В 2-х верстах от Залесской церкви, в местности называемой «Погарища» и «Церковища», есть несколько гор, поросших вековым лесом, который недавно вырублен. По преданию, здесь когда-то был город с монастырём и замком, которые разрушены во время шведской войны, или даже ранее, и от которых теперь не осталось даже развалин, кроме каменных плит с 4-х и 8-ми конечными крестами. Под одной из гор, добавляет легенда, есть подземный ход, где хранится много железа, денег и 8 бочек водки. Здесь нередко находили куски железа, проволоки, бисер. В 1884 г. крестьянин деревни Зубков, И. Близняк на одной из гор местности «Церковища» выкопал клад, состоящий из серебряных монет разной величины, различных времён и государств. Часть этих монет (большинство – брабантские талеры и полуталеры XVII ст.) отправлена в Императорскую Археологическую Комиссию. Приведённое выше сообщение местного священника и волостного писаря, без существенной разницы, повторяется местным учителем” [3] [1, с.12-13].
Язэп Драздовіч 12 кастрычніка 1934 года ў сваім “Дзённіку” таксама падцвярджае гэты факт: “…А пад гарою самога гарадзішча, у бок Пышкункоў і возера, як апавядаў мне адзін старык з гэтае вёскі, нехта калісь быў знайшоўшы, выараўшы сахой, цэлы гаршчок сярэбраных манет”[4][с.450].
Гэта легенда прыадкрывае нам трагічную старонку жыцця і гісторыі Залесся ў сярэднявеччы. Замак залескага гаспадара, вядома ж, існаваў. Ёсць сведчанне, што ў 1654 г. Залессе было разрабавана і спалена атрадамі стральцоў цара Аляксея Міхайлавіча (ішла вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай). Знойдзены скарб талераў датуецца 1650-мі г.г., нават “Энцыклапедычны даведнік. Віцебск” прыводзіць гэтыя звесткі: “Глубокский р-н: д. Зубки, клад найден в 1884 г., 34 экз. (четверти талеров, полуталеры, талеры Испанских Нидерландов, талеры Соединённых Провинций; серебро), сокрыт во 2-ой половине XVII века”[5][3, с.246].
Буйныя талеры мог захаваць толькі вельмі багаты па тым часе чалавек, і захаваць па прычыне пагрозы ці вайны. Значыць, манеты ўхаваныя, магчыма, ўладаром Залесся. Замак па легендзе быў абложаны і спалены – гэты факт гістарычна падцверджаны.
1.2.Легенда пра Мамчыну горку
Месца падзей: вёска Залессе-Астроўна, сядзіба графа Лапаты, Залескі сельсавет, Глыбоцкі раён.
За тры кіламетры ад Зубкоўскага гарадзішча і вёскі Залессе, дзе знаходзіцца наша Залеская сярэдняя школа, ёсць яшчэ адна вёска —Залессе-Астроўна. Гісторыя гэтага месца афіцыйна пачынаецца ў XVI ст., а дакладней, у 1540 годзе.
Сведчаць летапісы: “29 студзеня 1540 года Ян Юр’евіч Глебавіч Корсак даў дазвол Івану Глебавічу заснаваць у Залессі-Астроўна новы горад, ”…в этом имении заложить город, завести торговлю товарами и разного рода напитками; водку же приказал продавать только в Залесье, чтобы не было подрыва королевскому кабаку”[6][с. 192]. Польскі кароль Жыгімонт І Стары адобрыў гэту просьбу і падцвердзіў яе сваім прывілеем ад 14 лютага 1541 года.
Чаму Залессе-Астроўна? Паколькі ў нашай мясцовасці існавалі два Залессі, каб не было блытаніны і прасцей размяжоўваць свае землі, Корсакі дамовіліся, што адна вёска такі і будзе звацца Залессе, а другая – Залессе-Астроўна, гэта значыць – Залессе на востраве. Сапраўды, гэта невялічкая вёсачка размешчана ў маляўнічым месце, як бы на востраве паміж двумя азёрамі – Белае і Мураўшчына. Пазней, ужо ў XVII стагоддзі, вёска Залессе стала ўласнасцю магната Нікадзіма Цеханавецкага, і сталі адрозніваць Залессе Цеханавецкіх і Залессе-Астроўна.
Пра гэтыя мясціны захавалася вельмі прыгожая народная легенда, якая ўзнікла як рэха, водгук і народная памяць на аснове рэальных падзей, якія адбыліся ў Залескім маёнтку ў сярэдзіне XVIII ст.
У 1750-х г.г., уладаром сядзібы ў Залессе-Астроўна з’яўляўся граф Лапата або Лапатка, як больш прывычней называлі яго нашы мясцовыя сяляне. Граф быў па характару дужа суровы, злы, жорсткі, нават бесчалавечны…З пакалення ў пакаленне перадаюцца ў нашай мясцовасці звесткі пра гэтага пана і яго круты нораў… Расказваюць, што ў графскім парку расла вялізная ліпа, якую ў народзе называлі “чорная”: на ёй граф Лапата загадваў вешаць тых сялян, што па няведанню асмельваліся праехаць па “панскай” дарозе (для сялян існавала асобная “мужыцкая” дарога, брудная і з выбоінамі).
Расказваюць, што граф быў вялікім аматарам-паляўнічым, аднак яго паляванні іншым часам былі жудаснымі: правінаваціўшагася прыгоннага мужыка пан Лапата заганяў на дрэва і застаўляў яго крычаць птушкай, а сам стаяў унізе і страляў па “жывой” птушцы са стрэльбы, пакуль яна не зваліцца з дрэва… Расказваюць, што граф Лапата заводзіў сабе каштоўных пародзістых сабак і быў аматарам картачных гульняў. Аднойчы ён сышоўся ў азартнай карцёжнай гульні з суседскім памешчыкам з Лужкоў графам Тадэвушам Жабай і прайграў яму… На кон былі пастаўлены каштоўныя пародзістыя сабакі… Вельмі шкадуючы аддаць лужэцкаму памешчыку сабак, граф Лапата перадаў яму ў якасці пройгрышу цэлую вёску Заборцы з прыгоннымі сялянамі, і з таго часу вёска Заборцы пачала лічыцца ва ўладаннях пана Тадэвуша Жабы (дарэчы, адна наша вёска на Залесчыне нават дагэтуль называецца Жабіна Лучайка).
А цяпер пра легенду… Расказвае Лапацкая Зінаіда Антонаўна, жыхарка в. Залессе, 1927 года нараджэння:
“Жыў у Залескім маёнтку граф Лапата. Калі ў яго нарадзілася дачка, здарылася так, што родная маці – графіня – не змагла карміць народжанага дзіцяці. Таму ў якасці карміцелькі для маленькай паненкі Даруты ўзялі з вёскі простую сялянскую жанчыну – мамку. У гэтай мамкі свой сынок быў маленькі – Янка. Мамка сумленна выконвала свой абавязак па кармленню і выхаванню паненкі. Так і павялося, што ўвесь час мамка жыла пры палацы і даглядала, выхоўвала графскую дачушку, а побач увесь час гадаваўся і сынок мамкі. Час ляцеў, дзеці падрасталі, мамка старэла… Неўпрыкмет сялянскі сын Янка і панская дачка Дарута сталі юнакамі і здарылася тое, што і павінна было здарыцца: яны пакахалі адзін аднаго. Пра пачуцці Янкі і Даруты ведала адна толькі мамка. А тут граф Лапата зразумеў, што прыйшоў час выдаваць сваю прыгажуню-дачку замуж, ён і знайшоў ёй дастойнага жаніха – суседа-памешчыка – графа Тадэвуша Жабу з Лужкоў. Пан Тадэвуш аўдавеў да гэтага, быў ужо ў гадах, але ж лічыўся прэстыжным і багатым жаніхом.
Лапата паклікаў Даруту да сябе і аб’явіў ёй, што яна ўступіць у шлюб з лужэцкім графам. Дарута не стрымалася і заявіла бацьку аб тым, што яна кахае толькі аднаго чалавека на свеце – Янку.
Раз’юшаны Лапата аддаў загад сваім цівунам схапіць Янку і разам з Дарутай замкнуць абодвух у падземных скляпеннях палаца. Ноччу старая мамка, шкадуючы закаханых дзетак, скрала ключы ў цівуна і выпусціла на волю маладых… Збегчы з Янкам і Дарутай яна не магла – ужо ж была старой.
Раніцай граф Лапата ўбачыў пусты склеп. Учынілі допыт старой мамцы, пусцілі ў пагоню гайдукоў, аднак уцекачоў не знайшлі. І тады раз’юшаны граф Лапата са сваімі вернымі слугамі павёў мамку на высокую гару за сядзібай, над возерам Белае. Там яе заставілі сваімі рукамі выкапаць сабе магілу, а потым няшчасную жанчыну скінулі ўніз і закапалі жывою…
З той пары гэта гара і называецца ў нас Мамчына горка. А ў ноч пасля трагедыі, раз у год, на горцы гэтай з’яўляецца цень старой мамкі, якая ходзіць па наваколлю і ў роспачы кліча сваіх дзяцей – Янку і Даруту…”
Гэта легенда з’яўляецца жамчужынай народнага фальклору на Залесчыне. Месца, дзе пахавана была жывою мамка, вядома ж, не захавалася. Але вельмі цікава праводзіць у нас экскурсіі для вучняў іншых школ па тэрыторыі графскай сядзібы ў Залессі-Астроўна, па сцежках пейзажнага парку і, вядома, па ўзвышшу Мамчынай горкі, расказваючы пры гэтым чароўную легенду аб закаханых Янку і Даруце і страшным лёсе іх мамкі…
Яшчэ адзін літаратурны варыянт легенды аб Мамчынай горцы змешчаны ў зборніку “Легенды і паданні”, які быў выпушчаны Акадэміяй навук БССР у Мінску ў 1983 г. Легенда была запісана фалькларыстамі А.Б.Балай і К.В.Стоцік ў 1952 г. з вуснаў жыхаркі вёскі Залессе І.А.Нікіцінай, 1862 г.н. Тэкст легенды ў зборніку гучыць наступным чынам:
“Як ішлі, можа відзелі горку, на якой расце некалькі дрэў – гэта горка ў нас завецца Мамчына горка. А названне гэта вот ад чаго. Я сама, праўда, гэтага не помню, але расказвалі, што даўней у гэтым замку пан жыў, багаты дужа быў. Жыхары нашай дзярэўні работалі на яго. А ў пана служанка была, у якой быў сын дужа красівы. І вось гэты сын улюбіўся ў панскую дачку. Яна яго тожа палюбіла. Але пан не даваў ім жаніцца, дык яны ўзялі ды й уцяклі ўдваіх невядома куды. За гэта пан загадаў пакараць служанку сваю. Яна была закапана ў зямлю жывой на гэтай горцы. Вот чаму яна і называецца Мамчына горка.
Вот як даўней простым людзям жылося: паны ўсё, што хацелі, маглі рабіць з імі”[7][с. 52].
У аснове легенды ляжаць рэальныя факты пра дзейнасць гаспадара Залескага маёнтка ў XVIII ст. Тым больш, што і імя суседскага графа з Лужкоў Тадэвуша Жабы таксама гістарычны факт. Незвычайная жорсткасць графа Лапаты таксама можа быць “апраўдана”: у тыя часы безпакаранасць дзеянняў многіх магнатаў у маёнтках на Беларусі, іх самадурства і ганарлівасць былі звычайнай з’явай. Мы робім вывад аб закладзеным у аснову Залескай легенды сапраўднага гістарычнага эпізоду. У той цяжкі час, “самаўладны” век местачковых паноў лёс простых сялян-халопаў залежаў ад любога капрызу гаспадара…
…Прайшоў доўгі час пасля тых падзей на Мамчынай гары. І вось у 1936 г. (а гэта было пры Польшчы) па Залесчыне блукаў вядомы ўжо тады ў нас заходнебеларускі паэт, рэвалюцыйны рамантык Міхась Машара. На Залесчыне ў той час у вёсцы Летнікі жыў не менш вядомы паэт, фалькларыст, збіральнік казак Янка Пачопка. У госці да яго вельмі часта наведваліся Язэп Драздовіч і Міхась Машара. І аднойчы Янка Пачопка і расказаў сваім сябрам пра гэту чароўную легенду. Узрушаны Міхась Машара схадзіў пехатою ў Залессе-Астроўна, на той час уладанні пана Станіслава Молле. Паэт наведаў Мамчыну горку, агледзеў мясцовасць, краявіды і, вярнуўшыся назад, засеў ствараць паэму…
У 1936 г. з-пад пяра Міхася Машары ў друку выйшла рамантычная паэма “Мамчына горка”, створаная на аснове нашай легенды.

…Як вы заўважылі па фрагментах рамантычнай паэмы, змест народнай легенды ў асноўным Міхась Машара захаваў, дабавіўшы дзе-нідзе сваіх уласных аўтарскіх фантазій. На тое ж яна і паэма – літаратурны твор, дзе аўтар мае права ўносіць свае погляды на падзеі, адбыўшыяся на Мамчынай гары…
А мы працягнем наша падарожжа па старонках легенды.
Пасля 1936 г. прайшло яшчэ 60 гадоў. І вось у 1996 г. чытачы змаглі ўжо ў трэці раз пазнаёміцца з Мамчынай горкай! Беларускі пісьменнік, гістарычны навэліст Юрый Аркадзьевіч Татарынаў наведаў нашы мясціны і пабываў на Мамчынай горцы. Пад уражаннем гэтай легенды ён піша гістарычную аповесць “Залесская история”, дзе па-свойму інтэрпрэтыраваў змест легенды, змяніў сюжэт, надаў сваім героям другія імёны… Напрыклад, замест графа Лапаты ў яго прысутнічае граф Жорж Аскерка, замест графскай дачкі Даруты ўведзена сялянская дзяўчына Аська. І па сюжэту аўтара пан Жорж закахаўся ў Аську, якая была карміцелькай-мамкай для панскай дачкі, а пані Вольга, жонка Аскеркі, адпомсціла свайму мужу за яго каханне да халопкі тым, што загадала жывою закапаць бедную Аську ў зямлю. Ад гэтых аўтарскіх задумак мастацкая каштоўнасць твору ніколькі не зменшылася, а наша Залесчына атрымала ўжо трэці літаратурны твор аб Мамчынай горцы.
Аповесць “Залесская история” надрукавана ў зборніку гістарычных навэл Юрыя Татарынава “Вероотступник”.
“...В зимнее время пан Жорж жил в Вильно в своём каменном доме. Лето же обязательно проводил в Залесье, в усадьбе, которой очень гордился. Усадьба располагалась в живописном месте, на длинном и крутом моренном холме, у подножия которого в обширных низинах лежали озёра Белое и Муровщина. На скате холма стоял двухэтажный дом из красного кирпича. Он был возведён Оскерко-дедом. Оскерко-дед нашёл это место, он начинал вить это гнездо. При нём были возведены три каменных флигеля для челяди, мельница, а также ледник, где хранились рыба и мясо. Деятельность Оскерко-отца по благоустройству усадьбы носила немного иной характер. Он построил коптильню, баню. По его указанию было насыпано «колено» летнего пляжа на озере Белом. Много занимался он парком: посадил трёхстволый ясень на поляне около ледника, привёз из-под Вильно семь японских лиственниц, кедр, тисс… Нынешний хозяин усадьбы Оскерко-внук, то бишь пан Жорж мечтал о конюшне. Любоваться длинноногой грациозной лошадью – разве можно было придумать себе, считал он, большее удовольствие!”
“…В комнату вдруг ворвалась пани Ольга. Тут же появился и пан Жорж, высокий, стройный, будто вырос за ночь. Хозяйка дома смотрела на Аську с явным презрением. Даже розовая пудра не скрывала бледности её безбрового лица.
- В землю её! Живую! – наконец глухо проговорила она.
- Чего стоите! – обратилась вдруг к слугам пани Ольга. Маленький нос её побагровел, а в глазах от ярости заблестела влага. – Заберите у неё дитя! Она уже отравила его!
- Закопайте её на горе, у дороги! – крикнула пани. – Чтобы каждый помнил, кто он есть!" [8][с. 176]
(урывак з аповесці “Залесская история”)
- Легенда пра камень з крыжам
Месца падзей: лясное ўрочышча Цатоўка паміж вёскамі Залессе і Сасноўка, на скрыжаванні дарог.
Гэты старажытны помнік на сённяшні дзень з’яўляецца адным з гістарычных аб’ектаў на турысцка-краязнаўчым маршруце “Залесчына гістарычная”, распрацаваным гуртком “Наша Спадчына” Залескай сярэдняй школы.
Помнік продкаў уяўляе сабою абчосаны і адшліфаваны з аднаго боку вялізны камень з высечаным на ім крыжам пад Пакровам, гэта значыць крыжам з паўкружным навершшам над верхняй перакладзінай. Камень з крыжам знаходзіцца ў лясным урочышчы Цатоўка: калі ехаць па дарозе з Залесся на Лучайку і Сасноўку, яго можна ўбачыць сярод дрэў у глыбіні 20-ці метраў ад палатна гравейкі.

Упершыню звесткі пра гэты камень мы сустракаем у дзённікавых запісах Язэпа Драздовіча за сакавік 1936 г. Той вясною мастак-вандроўнік вяртаўся з Глыбокага ў Летнікі да свайго сябра Янкі Пачопкі, па дарозе астанавіўся адпачыць: “Другі выпачынак зрабіў на крыжоўках дарог (між Залессем і Сасноўкай, дзе камень з крыжам), на ўзбярэжку казённага лесу, пад ёлкаю, на якой пазаставіў выразаную літару “Я”. Ох, як прыемна, спадарожыўшыся, адпачнуць, любуючыся рознавыгляднымі ілюзійнымі сыльветкамі кучкавастых воблак на бірузавата-зялёненькім фоне адвячоркавага неба”[9] [с. 482].
Гэты камень з крыжам пад Пакровам пасля Язэпа Драздовіча быў забыты людзьмі і згублена месца яго знаходжання. Толькі вясною 2003 г. удзельнікі краязнаўчага гуртка “Наша Спадчына” у час пошукавай вандроўкі выпадкова яго знайшлі і аднавілі, зрабіўшы з гэтага месца яшчэ адну гістарычную кропку на карце нашага маршруту.

Пра гэты камень з крыжам пад Пакровам на Залесчыне існуе цікавая легенда. Расказвае Мірош Валянціна Нікандраўна, жыхарка вёскі Лучайка:
“У нашай Цатоўцы ёсць старадаўні камень, на якім высечаны крыж. Яшчэ мае бацькі расказвалі, што калісьці ў даўнія часы жылі ў нашай вёсцы два браты. Дружна жылі, але потым раптоўна пачаліся ў іх сваркі з-за зямлі. Адзін з братоў настолькі стаў зайздросным, што надумаў чорную справу: забіў свайго брата, каб завалодаць яго зямлёю. Пасля забойства ў яго ачнулася совесць, але было ўжо позна… Каб замаліць свой грэх, ён адвёз і пахаваў свайго роднага чалавека ў гэты лясок і паставіў на гэтым месцы камень, на якім сам высек крыж. Аднак прашчэння Бог яму не даў…
У хуткасці брат-забойца памёр ад страшнай хваробы. А ў Цатоўцы ў ноч таго забойства на дарогу выходзіць цень няшчаснага – прывід. Калі яго сустрэць – трэба адразу хрысціцца і прасіць яму збаўлення ад пакутаў…”
Легенда даволі крывавая і жахлівая… Аднак жа, на самой справе, усё з гэтым камянём было значна прасцей. У часы позняга сярэднявечча такія камяні з крыжамі або самі крыжы ўстанаўлівалі перад вёскамі ці на скрыжаваннях дарог у мэтах засцярогі населеных пунктаў ад пажару, голаду, бедстваў. Гэта былі своеасаблівыя знакі-абярогі.
Ёсць яшчэ адна версія, згодна якой гэты камень з крыжам мог быць устаноўлены ў якасці межавога знаку паміж уладаннямі мясцовых памешчыкаў. У даўнія часы якраз на гэтым месцы існавала мяжа паміж землямі залескага пана Цеханавецкага і лужэцкага памешчыка з роду Жабаў. Пахаваць жа пад камянём нябожчыка ў глухім лесе не было ніякага сэнсу, тым больш нам добра вядома, што ніякіх грамадзянскіх пахаванняў у старажытнасці тут ніколі не было. Таму гэта проста таямнічая і “страшная” легенда пра камень, тлумачэнне якой на свой розум прыдумалі нашы продкі… І ўсё ж гэта легенда па праву з’яўляецца часткай народнага фальклору нашай Залесчыны.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Закончыць наша даследаванне хацелася б на лірычнай ноце…
Заўважце, калі ласка, колькі з Залескімі легендамі звязана славутых імён нашай гісторыі: археолаг Ф.В. Пакроўскі; мастак, археолаг, пісьменнік Язэп Драздовіч; паэт Міхась Машара; пісьменнік Юрый Татарынаў; паэт, фалькларыст Янка Пачопка. Кожны з іх па-свойму адносіўся да пачутых на Залесчыне легендаў: хто – як паэт, хто – як вучоны, хто – як гістарычны навэліст, хто – як даследчык. Аднак усіх іх прыцягвала прыгажосць і таямнічасць гэтых народных твораў.
Знаходка камяня з крыжам пад Пакровам дазволіла нам пашырыць турысцка-краязнаўчы маршрут па Залесчыне яшчэ на адну гістарычную кропку, і экскурсанты, наведваючы гэтае месца, абавязкова пачуюць з нашых вуснаў таямнічую легенду. Камень з крыжам цяпер носіць назву “Камень Язэпа Драздовіча”. За час пасля знаходкі камяня Драздовіча на гэтым месцы пабывалі даследчыкі творчасці Я.Драздовіча мастакі Ігар і Ірына Марачкіна, навуковыя супрацоўнікі Літаратурнага музея М.Багдановіча і Музея гісторыі беларускай літаратуры, удзельнікі плэнэру ў Германавічах “Па мясцінах Язэпа Драздовіча” мастакі з Віцебшчыны і Міншчыны…
Вынікі даследавання:
- у аснове легендаў Залесчыны змешчаны рэальныя гістарычныя падзеі і факты, што адбываліся на нашай тэрыторыі;
- наяўнасць існавання такой колькасці легендаў на тэрыторыі невялікага мікрарэгіёну Глыбоччыны – сведчанне багатай духоўнай спадчыны нашых продкаў;
- легенды Залесчыны сталі асновай для стварэння новых літаратурных твораў;
- адкрыццё і папулярызацыя легендарных мясцін Залесчыны дало магчымасць пашырыць турысцка-краязнаўчы маршрут “Залесчына гістарычная”.
У нашым школьным краязнаўчым музеі захоўваецца рукапісны летапіс Залескай Свята-Пакроўскай царквы. На яго старонках мы знайшлі цікавы запіс, зроблены рукою святара Максімільяна Памяранцава ў 1887 годзе: “Песни, в которых отражается историческая судьба народа или же другие события общественной жизни и края, в народе слышны. Есть в Залесской волости и духовно нравственные…”[10] [с.13].
Гэтыя словы яшчэ раз падцвярджаюць думку: наколькі важная для нас памяць аб нашых продках, іх духоўная спадчына, якая асабліва праяўлялася ў стварэнні легендаў. Самае галоўнае – легенды Залескага краю жывуць сёння, а гэта значыць – наша спадчына не страчана!
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ ЛІТАРАТУРНЫХ КРЫНІЦ
(выданні, у якіх змешчана інфармацыя аб легендах Залескага краю, іх варыянты і літаратурныя апрацоўкі)
[1] Покровский Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии. – Вильно, 1893.
[2] Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. Міхася Казлоўскага. – Мінск: Маст. літ., 2014. 543 с.
[3] Покровский Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии. – Вильно, 1893.
[4] Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. Міхася Казлоўскага. – Мінск: Маст. літ., 2014. – 543 с.
[5] Витебск: Энцикл. справ. / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П.Шамякин и др. – Мн.: БелСЭ, 1988. – 408 с.
[6] Дневник Виленского Свято-Троицкого монастыря, 1677-1755. – 211 с.
[7] Легенды і паданні. – Мінск: Акадэмія навук БССР, 1983. – 310 с.
[8] Татаринов Ю.А. Вероотступник. Залесская история: Ист. Повести. – Мн., Минсктиппроект, 1996. – 232 с.
[9] Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. Міхася Казлоўскага. – Мінск: Маст. літ., 2014. – 543 с.
[10] Приходская летопись Залесской церкви Литовской епархии Виленской губернии Дисненского уезда Глубокского благочиния. 1880. – 1914. – 234 с.
- 4019

