Баявая клятва партызан

ДЗЕНЬ выдаўся сонечны, цёплы. Задумённа шумяць дрэвы, быццам перагаварваючыся між сабой, успамінаючы ўбачанае. Пад іх кронамі, унізе ў зямлянках абсталяваўся партызанскі лагер. У адным месцы беластвольныя бярозы і востраверхія яліны разбегліся ў бакі, утварыўшы маляўнічую лясную паляну.
Па – святочнаму, урачыста выглядаюць сёння і лагер, і паляна – месца збораў і мітынгаў партызан. Перад разгорнутым сцягам брыгады Лабанка выстраіліся народныя мсціўцы. Суровыя і рашучыя твары, рукі моцна сціскаюць аўтаматы. Многія з іх толькі на досвітку вярнуліся з баявога задання.
Крыху ў баку сабралася група людзей. Гэта савецкія патрыёты, якія вырашылі ўліцца ў грозную партызанскую сям’ю, каб помсціць ворагу за злачынства на роднай зямлі.
Пачынаецца мітынг. Адкрыўшы яго, начальнік штаба партызанскай брыгады Дзмітрый Караленка выклікае па спісу новых партызан. Яны становяцца ў строй для прыняцця баявой прысягі.
Уперад выходзіць палітрук брыгады Антон Кулак. У яго руках ледзь прыкметна дрыжыць на ветрыку невялікі аркуш паперы. Гэта тэкст “Прысягі беларускага партызана” Палітрук пачынае чытаць свяшчэнныя словы клятвы:
- Я, грамадзянін Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, верны сын гераічнага беларускага народа…
Усё мацней гучаць словы партызан. Сэрцы поўняцца нянавісцю да фашысцкіх захопнікаў.
- Прысягаю, што не пашкадую ні сіл, ні самога жыцця для справы вызвалення майго народа ад нямецка – фашысцкай пагоні…
Кожнае слова прысягі вылятае, быццам выстрал па ворагу. У голасе адчуваецца ўпэўненасць ў перамозе.
Беражна захоўвае Антон Антонавіч Кулак лісток з тэкстам ” Прысягі беларускага партызана ”, якую 23 гады назад прыняў сам і з якой ішоў да людзей.
Вось што расказвае Антон Антонавіч аб гісторыі “Прысягі беларускага партызана”. Нарадзілася яна вясной 1942 года ў лясах на Віцебшчыне. Да гэтага кожны, хто ўступаў у партызанскі атрад, проста абяцаў самааддана змагацца за вызваленне роднай зямлі. У кожным атрадзе быў свой тэкст прысягі. Адзіны тэкст баявой клятвы партызан прапанаваў выпрацаваць былы сакратар Віцебскага абкома партыі І. А. Стулаў. Праект партызанскай прысягі быў накіраваны ў ЦК Кампартыі Беларусі. 12 мая 1942 года ЦК КПБ зацвердзіў тэкст ” Прысягі беларускага партызана ”.
А неўзабаве партызанскія атрады пачалі атрымліваць з – за лініі фронта лістоўкі з тэкстам ” Прысягі ”. Газеты ” Звязда ”, ” Віцебскі рабочы”, якія выдаваліся ў падполлі, таксама надрукавалі ” Прысягу ”.
- У штабе партызанскай брыгады Лабанка ў вёсцы Старынка былога Ушацкага раёна я атрымаў лісток з тэкстам ” Прысягі ”, - расказвае т. Кулак. – Тут жа камандзіры і камісары першымі прынялі баявую клятву. Потым разышліся па атрадах рыхтаваць людзей да прыняцця прысягі.
Прымалі прысягу ва ўрачыстай абстаноўцы.Партызаны кляліся не складваць зброі, пакуль родная Беларусь не стане свабоднай. Сваю клятву яны замацоўвалі подпісам. Прыняццё прысягі яшчэ вышэй узнімала баявы дух партызан, узмацоўвала дысцыпліну, веру ў перамогу.
Прыклад вернасці партызанскай клятве, мужнасці паказвалі камуністы. Вось некаторыя эпізоды з успамінаў палітрука.
У склад групы, якую ўзначаліў Антон Кулак, уваходзілі камуністы і партызаны, якія толькі прынялі прысягу. Стаяла задача захапіць варожую пошту, што везлі немцы з Віцебска ў фашысцкі гарнізон Бачэйкава. Засаду зрабілі днём. Месца зручнае: у густых кустах, метраў за 12 ад дарогі, якая ішла па адкрытай мясцовасці.
Нарэшце паказаліся нямецкія сувязісты. Партызаны падпусцілі іх на блізкую адлегласць.
- Агонь ! – скамандаваў палітрук.
Застракатаў партызанскі кулямёт, далі залп з вінтовак. Немцы не паспелі апамятацца, як іх скасілі трапным агнём партызаны. Каштоўныя дакументы, фургон з паркай коней, дзесяткі вінтовак і аўтаматаў, сотні патронаў – з такімі трафеямі вярнуліся партызаны з задання.
Восенню 1943 года партызаны перайшлі да яшчэ больш складаных аперацый. У ноч з 19 на 20 кастрычніка 5 партызанскіх брыгад пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Дуброўскага разграмілі гітлераўскі гарнізон у Лепелі. У складзе брыгады Лабанка ішла невялікая штурмавая група палітрука Антона Кулака.
- Наша брыгада, - успамінае т. Кулак, - наступала на горад з паўднёва – ўсходняга боку.
Перад групай стаяла баявая задача : захапіць і знішчыць сховішча гаручага. Перарэзаўшы калючы дрот, партызаны пайшлі на штурм дотаў. З жорсткім боем прасоўвалася група кулака да мэты. Захоплен вакзал, а затым і бензасховішча. У ход пайшлі міны, гранаты. Дзесяткі цяжкіх выбухаў страсянулі зямлю і паветра. Гэта рваліся цыстэрны з бензінам. Камандзіру брыгады было накіравана данясенне: штурмавая група баявое заданне выканала.
Так партызаны на справе ажыццяўлялі сваю баявую клятву.
На асабістым рахунку былога палітрука 40 забітых фашыстаў, дзесяткі баявых спраў. Цяпер Антон Антонавіч Кулак працуе на самым мірным пасту – вучыць дзяцей. Ён дырэктар Каленаўскай пачатковай школы Псуеўскага сельсавета. Яго святочны касцюм упрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі. Часта прыходзяць у госці да партызана юныя краязнаўцы, члены экспедыцыйных атрадаў навакольных школ. Яны ўважліва слухаюць яго расказы аб баявых справах народных мсціўцаў. Яшчэ і яшчэ раз яны перачытваюць “Прысягу беларускага партызана”, якая вучыць іх любіць і берагчы сваю Радзіму.
І. ВОЛКАЎ, няштатны карэспандэнт газеты "Шлях перамогі".
Волкаў І.І. Баявая клятва партызан / І.І.Волкаў
// Шлях перамогі. -- 1966. -- 31 сакавіка
- 514

