Гісторыя Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 1976-1986 гады
Старонкі гісторыі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 1976-1986 гады.
01.12.2015
У 1977 годзе на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб цэнтралізацыі бібліятэк. У межах раёна стваралася цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма (ЦБС) з адзіным штатам, бюджэтам, кніжным фондам, даведачна-бібліяграфічным апаратам.
У Глыбоцкую ЦБС увайшлі раённая бібліятэка (стала цэнтральнай раённай бібліятэкай) і 64 сельскія бібліятэкі-філіялы. У штат былі ўведзены пасады дырэктара ЦБС, намесніка дырэктара па гаспадарчых пытаннях, загадчыка аддзела абслугоўвання, бібліёграфа, метадыста. Стварыўся новы аддзел – камплектавання і апрацоўкі літаратуры. Узначаліла сістэму Тарасенка Алена Афанасьеўна.
З верасня 1979 года дырэктарам Глыбоцкай ЦБС была прызначана Ніна Андрэеўна Протас (Шынкевіч). Малады, ініцыятыўны работнік, граматны прафесіянал, яна сваёй актыўнай дзейнасцю, творчым падыходам да справы ўнесла значны ўклад у арганізацыю бібліятэчнай справы ў раёне. Якаснае фарміраванне і захаванне кніжанага фонду, матэрыяльна-тэхнічны стан бібліятэк было пад яе пільным зрокам. Значную ўвагу ўдзяляла Н.А.Протас кадрам, сумела з'яднаць калектыў адзінай мэтай – дасканалае абслугоўванне чытачоў. Дзякуючы ёй, многія работнікі атрымалі вышэйшую і сярэдню спецыяльнай адукацыю.
Яна ўводзіла ў практыку новыя формы бібліятэчнай работы.
На пачатку 80-х гг. пачаў пры Глыбоцкай ЦРБ пачаў дзейнічаць клуб аматараў літаратуры "Час і мы", сталі рэгулярна ладзіцца сустрэчы з беларускімі літаратамі, з'явіліся платныя паслугі.
Н.А.Протас уклала шмат намаганняў і сіл пры
правядзенні рамонту і пераезду Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі ў новы будынак па вул. Энгельса, поўнай камп'ютарызацыі і ўкараненню аўтаматызаванай сістэмы інфармацыйнага абслугоўвання карыстальнікаў.
На пасадзе дырэктара Глыбоцкай ЦБС Н.А.Протас адпрацавала 31 год. Як ўзгадвае сама Ніна Андрэеўна, ёй не раз прапаноўвалі перайсці ў адміністрацыю аддзела культуры. Аднак, яна не змагла здрадзіць сваёй справе, бо не ўяўляла сабе жыцця без кніг і чытачоў.
Падтрымку і дапамогу маладому кіраўніку аказвалі яе калегі. Шмат сіл і старання ў фарміраванне бібліятэчай сістэмы, развіццё пазастацыянарнага абслугоўвання, дасканалага абслугоўвання чытачоў унесла Валянціна Паўлаўна Ганчарэнка, загадчык перасоўчага фонду, а пазней загадчык аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі.
У 1977 г. быў створаны аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яго ўзначаліла Курыловіч Вера Іосіфаўна. У аддзеле працавала 12 работнікаў. Аддзел займаўся камплектаваннем кніжнага фонду бібліятэк сістэмы: - заказам, апрацоўкай, улікам, спісаннем літаратуры; дастаўкай літаратуры ў сельскія бібліятэкі, вядзеннем падпісной кампаніі і інш. Паступленне кніг было значным. Бібліятэкарам прыходзілася ўручную пісаць па 130 картак на кожнае новае выданне. У 80-х гадах аддел атрымаў капіравальную тэхніку – рататар, што значна аблегчыла работу і скараціла штат.
Аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры фарміраваўся з работнікаў раённай і дзіцячай
бібліятэк. У яго ўвайшлі Вязьменава Людміла Пятроўна, Суднік Таццяна Міхайлаўна, з сельскіх бібліятэкараў - Мядзелец Зінаіда Іванаўна, Аліхвер Алена Яфімаўна, Чакушына Надзея Пятроўна, Спірковіч Алена Арсеньеўна і інш.
Са школьных бібліятэк прыйшлі Лідзія Рыгораўна Аніськовіч, Зінаіда Цімафееўна Паляк.
Былі маладыя спецыялісты, выпускнікі Магілёўскага бібліятэчанага тэхнікума Запольная Раіса, Піскуновіч Галіна Андрэеўна, Татарчук Алена Міхайлаўна. Усяго з 1977 па 2015 гг. у аддзеле адпрацавала больш 50 чалавек.
З дня стварэння аддзел ніколі не меў свайго пастаяннага памяшкання, займаў наёмныя пакоі. І толькі ў 2008 г. работнікі далучыліся да цэнтральнай раённай бібліятэкай і атрымалі пастаяннае памяшканне!
У 2004 г. пачалася камп'ютарызацыя бібліятэчнай сістэмы, што стала новай вехай у рабоце аддзела. Камплектаванне фондаў ЦБС стала весціся па праграмме бібліятэчна-бібліяграфічнага абслугоўвання “ALIS”.
На канец 2015 г. у аддзеле працуюць 5 спецыялістаў. На змену старэйшаму калектыву прайшоў не меньш прафесійны калектыў – загадчык Паўловіч Ірына Зянонаўна, Нікіфаровіч Ірына Францаўна (у 2016 г. перайшла ў Шунеўскую сельскую бібліятэку), Стэльмах Наталля Алегаўна, Савёнак Ганна Леанідаўна, Чакушына Надзея Пятроўна (працавала да 2021 г.), Цітова Таццяна Антонаўна (з 2018 г.). Усе маюць прафесійную адукацыю, двое – вышэйшую. Аддзел укамплектаваны трыма камп’ютарамі.
На пачатку цэнтралізацыі бібліятэчная сістэма атрымала бібліобус для дастаўкі новай літаратуры ў бібліятэкі-філіялы, абслугоўвання перасовачных бібліятэк. Першым вадзіцелем быў Ясюкевіч Іван Апалінар’евіч. Намеснікам дырэктара па гаспадарчых пытаннях пэўны час працаваў Стахоўскі Мікалай Васільевіч. Галантныя і ўважлівыя, яны былі надзейнымі памочнікамі і абаронцамі жаночага калектыву. )))
***
Прафесія бібліятэкара цяжка назваць прэстыжнай. Але, трэба адзначыць, што бібліятэкараў адрознівае высокая адказнасць за даручаны ўчастак работы. Нездарма сёння на самых адказных пасадах ва ўстановах культуры раёна працуюць, альбо працавалі, спецыялісты, якія пачыналі сваю працоўную біяграфію менавіта ў раённай бібліятэцы.
У 70-я гады прыйшла на працу ў бібліятэку Ала Віктараўна Юргель. Больш 15 год
адпрацавала яна бібліятэкарам абанемента, затым метадыстам. Абавязкі метадыста ўдала спалучыліся з творчым і жыццялюбівым характарам Алы Віктараўны. Яна аставіла ў бібліятэцы свой след не толькі, як спецыяліст, багаты на творчую ідэю, але і як цудоўны майстар укаранення сваіх задумак у практыку.

Ініцыятыўнасць, пошук новага, спрыяла таму, што Аллу Віктараўну прызначылі дырэктарам новай установы — раённага вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела культуры. На гэтай пасадзе раскрыўся яе талент сцэнарыста і рэжысёра не толькі невялікіх мерапрыемстваў, але і галоўных свят горада і раёна. Пад кіраўніцтвам А.В.Юргель на працягу многіх год праводзіліся святкаванні Дня Перамогі, свята горада, свята кветак і інш.
Пэўны час пасаду бібліёграфа займала Вольга Пятроўна Саланінка. Яна вельмі адказна ставілася да сваіх абавязкаў – фарміравання інфармацыйна-даведачанага апарату ЦБС, наладжванню інфармацыйнай работы. Вольга Пятроўна, як дакладны і скурпулёзны работнік, была прызначана дырэктарам Глыбоцкага раённага краязнаўчага музея. Пад яе кіраўніцтвам і пачалася арганізацыя музея, які стабільна працуе 18 год.
Пасада бібліятэкара перасоўчага фонду ў розны час стала стартавай для былога інспектара па кадрах аддзела культуры Людмілы Міхайлаўны Багдановіч (Сакалоўская)
і намесніка галоўнага бухгалтара аддзела культуры Галіны Андрэеўны Міхайлавай (Піскуновіч),
якія пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума былі накіраваны на працу ў Глыбоцкую раённую бібліятэку.
Калектыў 70-х – калектыў маладых, ініцыятыўных работнікаў, граматных спецыялістаў сваёй справы. Яны цікавіліся літаратурай, добра ведалі чытачоў, карысталіся павагай і аўтарытэтам у чытачоў і кіраўніцтва.
Аднак, бібліятэкары былі не толькі кніжнымі людзьмі. Яны прымалі актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, аказвалі шэфскую дапамогу калгасу імя Леніна на сенакосе, паляводчых работах, загатоўцы кармоў.
Работнікі бібліятэкі, як члены аб'яднання кнігалюбаў, часта ездзілі з экскурсіямі па гістарычных і
літаратурных мясцінах Беларусі.
- 1486

