Гісторыя Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 1966-1976 гады

Старонкі гісторыі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 1966-1976 гады.
30.11.2015
На пачатак 1970 г. кніжны фонд Глыбоцкай раённай бібліятэкі складаў больш 36 тыс. экз. літаратуры. Налічвалася звыш 4 тысяч чытачоў. На прадпрыемствах і ўстановах горада дзейнічала 17 бібліятэк-перасовак.
Узросшая актыўнасць, масавае павышэнне прафесійнага ўзроўню праз сістэму завочнага навучання патрабавала змянення форм і метадаў работы з чытачамі. Для гэтага шырока выкарыстоўваліся індывідуальная праца з наведвальнікамі бібліятэкі, агляды літаратуры, масавыя мерапрыемствы. Быў вельмі запатрабаваны фонд чытальнай залы, у якім мелася шмат вучэбнай літаратуры.
Ідэалагічны накірунак выхавання насельніцтва патрабаваў цесных сувязяў работнікаў бібліятэкі з партыйнымі, камсамольскімі і прафсаюзнымі арганізацыямі горада. З маладымі людзьмі ў чытальнай зале і непасрэдна на прадпрыемствах і ў арганізацыях
праводзіліся канферэнцыі “Роль кнігі ў камуністычным выхаванні моладзі”, тэматычныя вечары “Вучымся камунізму, будуем камунізм”, вывучаліся творы генеральнага сакратара ЦК КПСС Л.І.Брэжнева “Малая зямля”, “Возрождение”, “Целина” і інш.
Дзеля павышэння якасці абслугоўвання чытачоў, аддзел культуры арганізоўваў сярод бібліятэк раёна сацыялістычныя спаборніцтвы па выкананню асноўных паказчыкаў. Вынікі працы падводзіліся штоквартальна, вызначаліся пераможцы. Інфарамцыя аб ходзе выканання размяшчалася на стэндзе ў раённай бібліятэцы і друкавалася ў раённай газеце.
У гэты перыяд на чале Глыбоцкай раённай бібліятэкі стаяла Алена Афанасьеўна Тарасенка. Сваю працоўную дзейнасць Алена Афанасьеўна пачала бібліятэкарам Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі, разам з калегамі правяла
цэнтралізацыю і ўзначаліла Глыбоцкую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Пэўны час працавала загадчыкам Глыбоцкага аддела культуры, на заслужаны адпачынак пайшла з пасады загадчыка Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі. Адказны кіраўнік, граматны спецыяліст, яна любіла і ўмела працаваць з людзьмі. У сферы культуры Алена Афанасьеўна адпрацавала 35 год.
Пад яе апекай многія маладыя бібліятэчныя работнікі сталі сапраўднымі спецыялістамі сваёй справы. Гэта Людміла Пятроўна Вязьменава, Ніна Андрэеўна Протас, Людміла Міхайлаўна Багдановіч і інш.
- 1530

