Пісьменніца Людміла Рублеўская

Сучасную беларускую літаратуру сёння цяжка ўявіць без аднаго з самых папулярных, самых запатрабаваных і, галоўнае, самых цікавых і неардынарных аўтараў — вядомай пісьменніцы, паэтэсы, драматурга, журналісткі, даследчыцы Людмілы Рублеўскай.
5 ліпеня яна адзначыла сваё 60-годдзе. Нарадзілася ў сям’і служачых у Мінску. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт» тэхнікам-архітэктарам. Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала загадчыцай аддзела крытыкі ў часопісе «Першацвет», загадчыцай аддзела мовы ў газеце «Наша слова». З 1996 года працавала ў аддзеле крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 2002 — рэдактаркай аддзела літаратуры. З 2003 па жнівень 2020 года працавала аглядальніцай аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня». З верасня 2020 года працуе ў газеце «Звязда» загадчыцай аддзела культуры.
У 2002 годзе разам з мужам Віктарам Шніпам пры газеце «Літаратура і мастацтва» стварыла літаратурную суполку «Літаратурны квартал», які з цягам часу перарос у «Літаратурнае прадмесце», кіраўніца літаратурнай суполкі.
Дэбютавала вершам у 1983 годзе ў газеце «Знамя юности».
Гісторыяцэнтрычныя творы Людмілы Рублеўскай некаторыя беларускія крытыкі пахвальна параўноўваюць з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй Уладзіміра Караткевіча. Так, падзеі ў яе рамане «Золата забытых магіл» (2005) адбываюцца паралельна ў найбольш цікавыя для Караткевіча часы паўстання Кастуся Каліноўскага і ў наш час. А гераіня аповесці «Пярсцёнак апошняга імператара» (2005) спазнае трагічную і гераічную гісторыю свайго роду, які выяўляецца каралеўскім.
Запамінаюцца чытачам не толькі выкшталцоныя сюжэтныя лініі, непрыдуманы каларыт стагоддзяў і эпох, цікавосткі
з жыцця магнацкіх родаў, але і самабытная беларуская мова пісьменніцы.
Мае 9 зборнікаў паэзіі, выйшла 7 асобных кніг прыгодніцкага рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча» серыі «Святло Мінуўшчыны”. Піша кнігі для дзяцей. Усім вядомы казкі «Прыгоды мышкі Пік-Пік, «Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны». Аўтар драматычных паэм, зборніка гістарычных эсэ.
Яе творы перакладзены на рускую, нямецкую, англійскую, французскую, балгарскую, польскую і дзясяткі іншых моў. Асобныя яе драматычныя творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Па драматычнай паэме “Апошняя з Алелькавічаў” зняты аднайменны відэафільм (1999 год).Таксама Людміла Рублеўская выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца.
За сваю творчасць узнагароджана прэміямі: імя Францішка Багушэвіча, за раман «Сутарэнні Ромула», Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро», «Залаты апостраф», «Кніга году-2015» за раман «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і інш. Уладальніца медаля Францыска Скарыны.
Фонд Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі мае шматлікія творы пісьменніцы. Заходце ў бібліятэку, знаёмцеся з творчасцю Людмілы Рублеўскай, чытайце яе кнігі!
- 193

