Людміла Рублеўская прадстаўляе: Франсуаза Саган "Недвижная гроза"
Франсуаза Саган. Нерухомая навальніца. «Азбука-Класіка», 2022

У маім юнацтве раманы Франсуазы Саган, накшталт «Вітаю, сум» і «Трохі сонца ў халоднай вадзе», перадавалі адзін аднаму як забароненае чытанне. Жорсткая гульня пачуццямі, і аўтар не выносіць героям строгага вердыкту за амаральнасць... Зрэшты, у свой час і французскіх настаўнікаў 1950-х Саган моцна абурыла. Яе стыль даволі пазнавальны... Але ёсць твор, які ўспрымаецца трохі адрозна: «Нерухомая навальніца» — адзіны «касцюмны» раман пісьменніцы, дзеянне ў якім адбываецца ў XІX стагоддзі. Замкі, арыстакраты, балі, фатальныя прыгажуні і двубоі... Чытачы ў разгубленасці згадваюць Бальзака, Мапасана, нават Стэндаля... Для чаго Саган, бунтарцы 1960-х, спатрэбіўся гэты эксперымент? Нагадаю, што свой псеўданім яна ўзяла з раманаў Пруста, дзе ёсць герцагіня Даратэя Саган, яна ж прынцэса Курляндская. Пэўна, хацелася прымераць на сябе пышныя касцюмы і норавы той эпохі...
Аповед ідзе ад імя правінцыяльнага натарыуса Нікаля Ламона, які ўспамінае сваю маладосць і трагічнае каханне да арыстакраткі Флоры дэ Маржэлас. Спачатку Флора адказвае Ламону ўзаемнасцю... Але раптам з'яўляецца малады селянін і таленавіты паэт Жыльдас Касінад. Флора не можа не пакахаць натхнёнага і гожага юнака. Скандал... Сэрца Нікаля разбітае. Закаханыя з'язджаюць у Парыж... Але гэта толькі пачатак. Жыльдас дабіваецца славы, кароль нават надае яму дваранскае званне... І калі парачка вяртаецца ў замак Флоры, арыстакратычная грамада змушана іх вітаць...
Самы час для «жылі доўга і шчасліва». Але ж не — аўтарка ўводзіць у тэкст новую гераіню, злавесна-гожую і ўладную прыслугу Марту, якая скарае любога мужчыну. Самыя бліскучыя арыстакраты гатовыя дзеля яе на ўсё — і Жыльдас таксама. Саган намякае, што непераадольная перавага Марты ў яе «жывёльнай сіле», адмаўленні ад маральных меж... Пры гэтым красуня пагардліва адмаўляецца ад багатых падарункаў і прыватных прапаноў. Чым прыводзіць у разгубленасць высокамаральнага натарыуса Ламона, які, каб пазбавіць ад болю любімую Флору, спрабуе падкупіць Марту і змусіць пакінуць Жыльдаса...
У выніку сам Ламон робіцца ахвярай спакуснай прыслугі і ўвязваецца ў такое, што не мог уявіць. Жарсці, кроў, смерці...
Мне здаецца, аўтарка атрымала асалоду, ствараючы гэты карнавал, — цікава толькі, чыю маску прымярала: ці не Марты, якая прыўносіць вольныя норавы 1960-х у пачатак XІX стагоддзя, губіць фанабэрыстых арыстакратаў і гераічна гіне на рэвалюцыйных барыкадах?
«...я жадаю ўсім удзельнікам падзей — і катам, і ахвярам, і такім, як я, пасіўным назіральнікам — толькі аднаго: забыцця. Канчатковага, нястрыманага, свінцовага забыцця, такога ж цяжкога, як тое лета ў блаславёнай Аквітаніі, з яе звычайна такім мяккім кліматам».
Крыніца: https://zviazda.by/
- 603


