«Паўшыя анёлы» Вітаўта Чаропкі
«Калумб беларускай даўніны» – так іншым разам у літаратурных колах характарызуюць Вітаўта Чаропку (сапраўднае імя – Віктар Кузьміч Чаропка), беларускага пісьменніка, выбітнага сваім талентам захапляльна расказваць чытачам пра вядомыя і невядомыя падзеі нашай гісторыі. У яго аўтарскай скарбонцы некалькі дзясяткаў кніг мастацкай прозы, сярод якіх «Храм без бога», «Імя ў летапісе», «Уладары Вялікага Княства», «Гісторыя нашага імя», «Перамога ценю», «Вялікі князь Вітаўт».

Новы раман «Паўшыя анёлы» Вітаўт Чаропка прысвяціў тэме кахання і пошуку сэнсу жыцця. Галоўны герой твора – мастак Вітаўт, у якога была мара дасягнуць вышынь у творчасці, раскрыць на палотнах незвычайны сусвет сваёй душы, былі імпэт і натхненне… Але з часам засталося толькі пахмелле, безграшоўе і адзінота. Аднойчы Вітаўт выйшаў з майстэрні, каб прагуляцца, і сустрэў незнаёмца. Той прадставіўся вандроўнікам па снах. Неверагодным чынам з 1939 года Вітаўт разам са сваім сябрам трапляе ў 2009 год. Там пачынаюцца прыгоды, і там, у будучыні, герой сустракае дзяўчыну сваёй мары. Каханне і сяброўства дапамагаюць пераадолець нечаканыя выпрабаванні ў супрацьстаянні з суровай рэчаіснасцю. Рэальнасць у творы пераплятаецца з містыкай, а містыка – з гісторыяй…
Раман складаецца з лагічна завершаных невялікіх апавяданняў, якія маюць інтрыгуючыя назвы: «Чорт ведае што, калі не ведаеш што», «Будучыя людзі – гэта яшчэ не людзі», «Аўтар без героя» і інш. Ну, а фінал кнігі з вялікай верагоднасцю будзе для чытача некалькі нечаканым.
Чаропка, В.К. Паўшыя анёлы : раман : кніга першая / В.К. Чаропка — Мінск : Мастацкая літаратура, 2021. — 213 с.
Па матэрыялах сайта "Нацыянальная кніжная палата"
- 680


