Дуда, мяцеліца, крупеня… Народны быт у «Тарасе на Парнасе»

Знойдзена на сайце цудоўнейшай "Звязды"
Аўтар Людміла Рублеўская
Зусім хутка чарговы Дзень беларускага пісьменства прыме Гарадок, што на Віцебшчыне. Усе будуць успамінаць там пра славутага земляка, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Канстанціна Вераніцына і ягоны геніяльны твор «Тарас на Парнасе».

Скульптурная кампазіцыя «Тарас на Парнасе» ў Гарадку.
Што праўда, аўтарства паэмы, якая распаўсюджвалася ананімна, устаноўлена зусім нядаўна, найперш дзякуючы знакамітаму літаратуразнаўцу Генадзю Кісялёву. А паэма і ў свой час была дужа папулярнай: упершыню яе апублікавалі ў 1889 годзе, але і дагэтуль яна перапісвалася ад рукі, вучылася на памяць. Беларуская мова, якой адмаўлялі ў праве на існаванне, гучала там сакавіта, багата, спалучэнне антычных міфаў з сялянскім бытам — падобнае было ў модзе — выклікала цікавасць да простага беларуса як да асобы з пачуццём годнасці і гумару, носьбіта ўнікальнай культуры. Пасля першай жа публікацыі адбылося яшчэ некалькі, у 1896-м у Віцебску паэма была выдадзена брашурай у 15 аркушаў вялікім па тым часе накладам — тысяча асобнікаў. Потым перавыдадзена ў Гародні, потым двойчы ў Магілёве, потым двойчы зноў у Віцебску... Людзі шчыра рагаталі над прыгодамі палясоўшчыка Тараса, гадаючы, хто ж паэт. А самавіты стацкі саветнік, супрацоўнік Міністэрства шляхоў зносін у канцылярыі міністра Канстанцін Васілевіч Вераніцын жыў у Пецярбургу па адрасе Поварскі завулак, 12, і, магчыма, не падазраваў, што гарэзны твор, напісаны ім у студэнцкай маладосці, набыў такую папулярнасць.
Калі мы гаворым пра яшчэ адзін знакавы твор беларускай літаратуры — паэму Якуба Коласа «Новая зямля», мы называем яе энцыклапедыяй сялянскага жыцця беларусаў. Але і папярэднік Коласа Канстанцін Вераніцын даў у сваім няхай карацейшым тэксце цэлую панараму народнага жыцця — стравы, гульні, танцы, музычныя інструменты, традыцыі, святы, адзенне, прадметы быту... Магчыма, Канстанцін Міцкевіч якраз і натхняўся творам свайго цёзкі.
Стацкі саветнік добра ведаў жыццё простага народа — бо паходжаннем быў з прыгонных, незаконнанароджаны сын пана. Сам усё жыццё — паміж панамі і прасталюдцамі... Можа, гэта пацвярджае інтэрпрэтацыю Пятром Васючэнкам адносін палясоўшчыка Тараса з багамі, у якіх гасцяваў на Парнасе: «Ён ім нічым не абавязаны. Накармілі, напаілі — ён ім за гэта пад дуду патаньчыў і — бывайце, да новых сустрэч. Час ідзе, старыя багі саступаюць месца новым, а ён, не мужык і не пан, застаецца пры сваёй лясной службе».
Давайце ж перачытаем паэму «Тарас на Парнасе» менавіта як энцыклапедыю жыцця народа і вылучым самыя яркія «экспанаты».
«Мяцеліца»
Адзін з самых яркіх эпізодаў паэмы — калі
«Узяўшы хустачку, Вянера
Пайшла «Мяцеліцу» скакаць.
Прыгожа, стройна цераз меру,
Пяром не можна апісаць.
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца,
Істужкі ўплецены ў касе».

Менавіта гэты фрагмент цытуе Уладзімір Караткевіч у сваёй кнізе «Зямля пад белымі крыламі».
Што ж гэта за «Мяцеліца» такая? Пра яе ж нават Янка Купала пісаў у паэме «Безназоўнае», у сцэне пра «заручыны вясельніцы засмучанай з вясёлым жаніхом»:
«Лявоніха... Мяцеліца...
Без памяці вяселяцца...
— Гэй, дзьмі ў дуду, дудар!
Аколіца-аселіца
Пад ногі сонцам сцелецца...
Збудзіўся гаспадар!..»
Вераніцын згадаў старажытны народны беларускі гульнявы танец, у якім хутка змяняліся фігуры і былі шматстайныя кружэнні, што і нагадвала мяцеліцу.
«Збіраюцца ў пары, бяруць у рукі махрачкі, г. зн. ручнікі або паясы, становяцца ў рад. Пачынаецца музыка і напеў, і ў адно імгненне ўзнімаецца сапраўдная мяцеліца. Усе пары кідаюцца раптам, першая, якая праскочыла пад ручніком, прапускае другую пару, трэцюю, чацвёртую і г. д., другая, якая праскочыла пад ручніком, прапускае трэцюю пару, трэцяя пара — чацвёртую і г. д. Усё гэта робіцца з неймавернай хуткасцю і ўсімі парамі разам. Трэба здзіўляцца, як зладжана, хутка і нават зграбна адбываецца гэта мітусня...» — з запісаў Паўла Шэйна. Прыпеўкі спявалі накшталт:
«А мае ж вы дзяўчаткі,
Пусціце пагрэцца.
На вуліцы мяцеліца,
Няма дзе падзецца».
Танец вясёлы, гарэзны — так што Венера магла паказаць сябе ва ўсёй красе. Мусіць, і юны Канстанцін Вераніцын не раз браў у ім удзел. «Мяцеліцу» любіў танцаваць і стваральнік першага беларускага вандроўнага тэатра Ігнат Буйніцкі, як пісалі ў рэцэнзіі на выступленне яго трупы: «Танцоры, хлопцы і дзяўчаты пад кіраўніцтвам Буйніцкага, падабраліся такія, што аж сцэна грымела ад заліхвацкага тупату і ў вачах мільгацела, як танцавалі «Лявоніху», «Мяцеліцу» або калі дзесяць прыгожа апранутых пар завіваліся даўгім хвастом у «Вераб'і».
«Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
«Мельнік», ці «Антошка», —
Усё ў яго сыходзіць гладка,
Не змыліць ні трошка» — азваўся Купала ў 1911-м у вершы, прысвечаным Ігнату Буйніцкаму. Танцавала ў той «Мяцеліцы» ў трупе Буйніцкага і будучая жонка Янкі Купалы, Уладка Станкевічанка. Ці не таму згадваецца танец у пазнейшай паэме яе мужа?
Крупеня
Як ядуць на Парнасе багі, аўтар апісвае са смакам: калі ўспомніць, што быў ён тады вечна галодным студэнтам, тое не дзіўна. Ядуць багі стравы беларускай народнай кухні. Прыслуга дзеўка Геба
«На малацэ крупеню густу
Дае ўволю, толькі еж».
Давялося тае крупені пакаштаваць і Тарасу, бо і багі трымаюцца беларускага звычаю: нельга ж выпраўляць няхай і нечаканага госця дахаты, не накарміўшы:
«Кіўнуў Зевес — і мігам Геба
Крупені ў міску наліла
І добрую краюху хлеба,
Сказаўшы: «Еж», — мне падала.
Крупені смачнай пахлябаўшы,
Усіх падзякаваў багоў;
Кашэль за плечы прывязаўшы,
Сабраўся ўжо ісці дамоў».
Крупеню, пра якую ідзе гаворка, часам называюць галоўнай беларускай сялянскай стравай таго часу. Яе варылі найчасцей з ячных альбо прасяных круп, забельвалі малаком, маглі зварыць з мясам і бульбай. На Ільін дзень гатавалі з іржаной мукі, адзначаючы першы збор яшчэ маладога жыта.

Можна сустрэць сцверджанні, што крупеня і крупнік — сінонімы. Тут галоўнае не паблытаць: бо так, ёсць крупнік — тая самая крупеня, нешта сярэдняе паміж поліўкай і другой стравай. Чым багацейшая сям'я, тым больш густым стараліся варыць крупнік — каб лыжка стаяла. А ёсць крупнік — нешта сярэдняе паміж поліўкай і моцным алкагольным напоем. Рабілі на гарэлачцы з дадаваннем мёду, ягад, арэхаў, апельсінавых скурак, пялёсткаў руж ды на што фантазіі хопіць. І нярэдка менавіта сумесным спажываннем крупніку заканчваліся сваркі. У «Пінскай шляхце» прымірэнне ганарыстых шляхцюкоў суправаджаецца каментарыем суддзі Кручкова: «На згоду каб быў крупнік». І ён з'яўляецца: дзве гераіні, Куліна і Марыся, уносяць дзве міскі гарачага крупніку і ставяць на стол. Куліна кажа, што сама зладзіла гарэлку, «шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадоўбчык укінула».
Але Тараса на Парнасе частавалі крупеняю на малацэ, так што ап'янець яму ад яе не ўдалося. А ў сучасных беларускіх рэстаранах можна знайсці крупеню і звараную на мясе, і беленую, і з грыбамі.
Дуда
«Во... разам у дуду зайгралі,
Скакаць багіні пачалі».
Ігранне дуды суправаджае гасцяванне Тараса.
«Глядзеў Юпітар і дзівіўся,
І пад дуду ў далоні біў.»
Хто не чуў іграння старадаўняй беларускай дуды — шмат страціў. У голасе гэтага музычнага інструмента гучыць сама гісторыя. Дуда — фактычна тая ж валынка. Скураны мех, дудачка-жалейка, адзін-два «гукі» — бурдонныя трубы. Без дуды не абыходзіліся ніякія святы, ад «Жаніцьбы Цярэшкі» да абыходаў двароў на Вялікдзень. Падчас археалагічных раскопак у Віцебску знайшлі пацвярджэнне, што дуда на нашых землях існавала з XІІІ—XІV стагоддзяў.

Мы не знаходзім партрэта дудара ў творы Вераніцына, але дудар у беларускай міфалогіі — постаць сакральная. У рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ёсць персанаж — Дудар: «здаравіла..., толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія... у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо — казіныя мяхі вялізнай дуды». Гранне Дудара суправаджае падзеі рамана. Вось яго дуда высмейвае злыдня: « — Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, — непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі». Вось заклікае людзей да бойкі: «Шалёна зараўла над галовамі дуда... мядзведзем зараўла сярод імклівага шалёнага кліна дуда». А ў апошняй сечы, калі гараджане абаранялі свой вольны горад, ігранне дуды робіцца сімвалам змагання: «Дык няхай той, хто самотна б'ецца, ведае — астатнія трымаюцца. Пакуль дуда раве — яны трымаюцца...»
Гульня ў тронкі
«На грошы ў тронкі тут гуляюць
Парнаскі хлопцы-дзецюкі,
А хто капейкі з іх не маець,
Той лупіць проста ў шлягі».

У каментарах да паэмы пазначана, што шлягі — гульня ў пстрычкі, назва ўтвораная ад нямецкага слова. А вось што такое тронкі?
Аказваецца, гульня з каменьчыкамі альбо шарыкамі, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці. Для гульні ў тронкі выкарыстоўвалі звычайныя каменьчыкі, гліняныя, алавяныя ці драўляныя шарыкі. Дзесьці іх ужывалі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, часам — памерам з арэх. Месцамі на Беларусі тронкамі называлі маленькія бульбінкі — мусіць, дзеці падчас выбірання бульбы скарыстоўвалі іх для гульні. Напэўна, і Кастусь Вераніцын у свой час таксама нагуляўся ў тронкі...
Свята Казьмы і Даміяна
«На самага Кузьму-Дзям'яна
Пайшоў я біць цецерукоў.
Устаў я нешта дужа рана, —
Здаецца, з першых петухоў».
Так пачынае палясоўшчык Тарас расповед пра свае прыгоды.

«Кузьма і Дзям'ян» — прысвятак народнага календара, адзначалі яго двойчы на год, 14 ліпеня і 14 лістапада (падзеі паэмы адбываюцца на восеньскі прысвятак). Святыя бяссрэбранікі лекары Казьма і Даміян, браты-блізнюкі арабскага паходжання, лячылі бясплатна і загінулі за хрысціянскую веру, пад іх нябеснай апекай — дактары і блізняты. У народзе яны лічыліся апекунамі кавалёў, а яшчэ памагатымі ў сенакосе і падрыхтоўцы да жніва, а таксама ў малацьбе. «Кузьма з Дзям'янам на восень содзяць, на помач просяць малыя святкі: «Бярыце цацкі». Верылі, што Кузьма і Дзям'ян спрыяюць вяселлям, бо дапамогуць «скаваць» моцную сям'ю. Месцамі нават гулялі ў «Кузьму» — на вячорках моладзь рабіла саламянае чучала, з якім «жанілі» якую-небудзь дзяўчыну. А вось палясоўшчык Тарас замест таго, каб ушанаваць святых, пабег зрання ў лес біць цецерукоў. Ці не таму і напаткаліся яму розныя здані?
Перачытайце ж паэму і ўсміхніцеся яшчэ раз таленту аўтара!
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
- 539

