Пост — праздник души
На кніжных паліцах – навінкі!
БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДЗЕ
Неделя милосердия в Глубокской районной библиотеке
Выставка-обзор «СПИД: опасно этого не знать!»
Чарневіцкая сельская бібліятэка ў лістападзе 2025 года
«Бояться не нужно, нужно знать»
  Духовно-просветительская встреча "Пост — праздник души" состоялась  в Обрубской сельской библиотеке-клубе. ... Читать далее...
Беларускіх аўтараў. На роднай і рускай мовах. Класікаў і сучаснікаў! ... Читать далее...
Студыя паэтычнай творчасці «Сустрэчы для душы» разам з кіраўніком Жаннай Юркевіч успомнілі слаўнае імя Уладзіміра Караткевіча. ... Читать далее...
 «Аллея добрых книг» открылась  в Глубокской районной библиотеке. ... Читать далее...
В читальном зале Глубокской детской библиотеки действует выставка-обзор «СПИД: опасно этого не знать!», приуроченная ко Дню профилактики ВИЧ-инфекции. ... Читать далее...
 Чарневіцкая бібліятэка дзейнічае як інфармацыйна-культурны цэнтр для жыхароў сваёй зоны абслугоўвання... ... Читать далее...
 Ежегодно 1 декабря отмечается Всемирный день борьбы со СПИДом, который является следствием ВИЧ-инфекции. ... Читать далее...
Версия для слабовидящих

Статистика пользователей

Период:

2020-01-01 - 2025-12-15

Зарегистрировалось:

137

Сёння 31

Тыдзень 31

Месяц 633

Усяго 260,149

91X4zDbvNwL


 Крыніца: газета "Звязда"

У зале ўрачыстых пасяджэнняў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля размешчаны партрэты славутых землякоў. Гісторык, археограф і мовазнаўца Іван Грыгаровіч і мастак Георгій Ніскі, выдатны савецкі военачальнік Канстанцін Ракасоўскі і канструктар самалётаў Павел Сухі, народныя пісьменнікі Беларусі Андрэй Макаёнак і Іван Мележ, дзяржаўны і партыйны дзеяч Кірыла Мазураў і балетмайстар Аляксандр Рыбальчанка... І яна, Ірына Паскевіч.


Партрэт Ірыны Паскевіч работы І. Рабійяра.

Партрэт Ірыны Паскевіч работы І. Рабійяра.

Бацька яе, Іван Варанцоў-Дашкаў, обер-цэрымоніймайстар — галоўны распарадчык усіх цырымоній пры імператарскім двары. Маці Аляксандра Кірылаўна паходзіла са знакамітага роду Нарышкіных. Ірына нарадзілася 1 жніўня 1835 года. Маленства яе прайшло ў цудоўным бацькавым палацы ў Пецярбургу. У хатніх умовах, дзякуючы найлепшым педагогам, авалодала некалькімі замежнымі мовамі. Найбольш дасканала — французскай. 

З юных гадоў для яе былі адчынены дзверы самых прэстыжных арыстакратычных салонаў. Такія вечары ладзіліся і ў іх палацы. Наведваўся да Варанцовых-Дашкавых і адзіны сын знакамітага расійскага палкаводца і дзяржаўнага дзеяча, графа Эрыванскага, святлейшага князя Варшаўскага, генерал-фельдмаршала Івана Паскевіча — Фёдар. Адкрыты, прыгожы. Вабнасцю і яе Бог не абдзяліў. У многім была падобна на сваю маці, жанчыну з вытанчанымі манерамі.

Калі прапанаваў стаць жонкай, згадзілася не задумваючыся. Была графіняй Варанцовай-Дашкавай. Стала графіняй Паскевіч-Эрыванскай і святлейшай княгіняй Варшаўскай. У адным памылілася. Як і халасцякуючы, муж у сталіцы не затрымліваўся. Найчасцей надоўга выязджаў за мяжу. Сям’я была, але яе як бы і не было. А тут яшчэ прысуд урачоў: дзяцей чакаць марна.

Радасць прыносілі толькі вечары, якія ладзіліся ў хатнім салоне. Зблізілася з Якавам Палонскім — сваім любімым паэтам. Прызналася яму, што пераклала на французскую мову раман Льва Талстога «Семейное счастье». Толькі баіцца, як успрыме гэта Леў Мікалаевіч. Якаў Палонскі ўсё ўладзіў. У 1877 годзе кніга выйшла ў Парыжы пад назвай «Маша»: «Macha. Souvenir et Impression d’une jeune femme».

Пасляхова справілася і з перакладам эпапеі «Война и мир». 500 асобнікаў з яе выдадзеных у Пецярбургу, трапілі ў Парыж. 10 атрымаў Іван Тургенеў, які раздаў іх крытыкам і вядомым пісьменнікам. Пазней з гэтага тэксту рабіліся перастварэнні па-англійску, па-венгерску, па-польску і на некаторыя іншыя мовы. Дарэчы, да пачатку ХХ стагоддзя гэта быў адзіны франкамоўны пераклад «Войны и мира».

Аднак хутка ёй стала не да перакладаў. У 1856 годзе, пасля смерці свайго бацькі, спадчыннікам усіх уладанняў стаў муж. Толькі па-ранейшаму ён у Гомелі доўга не затрымліваўся. Як дагэтуль і яго бацька, вярнуўшыся, загадваў вывешваць на палацавай вежы сцяг. Калі ж ад’язджаў, сцяг адразу здымалі. Тады паўнапраўнай гаспадыняй станавілася Ірына Іванаўна. Паўнапраўнай і адзінокай. Блізкую душу знаходзіла незаўсёды. Усё часцей звярталася да Бога.

У яднанні з Усявышнім атрымлівала духоўную і маральную апору. Вяла ледзь не манаскі лад жыцця. Гадзінамі, а нярэдка і днямі не выходзіла з пакояў. Малілася, чытала не толькі мастацкія, але і багаслоўныя кнігі. Ды гэтая адчужанасць ад зямнога не перашкаджала дбаць аб дзецях, састарэлых, хворых, нямоглых. Утрымлівала прытулак для дзяўчынак-сірот. Асобных з іх накіроўвала на вучобу.

З маленства слаба бачыла. А ў Гомелі і яго ваколіцах у многіх была трахома. На рагу вуліц Замкавай і Канатнай пабудавала спецыяльную лячэбніцу. Там працавалі і маладыя спецыялісты, у якіх раней заўважыла здатнасць да вучобы. Адзін з іх Абрам Брук пазней стаў знакамітым урачом.

Для сельскіх дзяцей пабудавала ў вёсцы Студзёная Гута школу. Для пажылых жанчын адкрыла багадзельню. Незадоўга да рэвалюцыі найбольш бедным гараджанам адпісала частку сваёй маёмасці. Дзяўчатам давала грошы на пасаг. Дзецям на святы раздавала падарункі. Параненыя ў Першую сусветную вайну папраўлялі здароўе ў адкрытым ёю шпіталі.

У Гомелі штогод шырока адзначалася Хрышчэнне Гасподняе. Пасля богаслужэння вернікі разам са святарамі кіраваліся па Саборным спуску да Сожа. Наперадзе неслі харугвы. На лёдзе загадзя высякалася палонка ў выглядзе крыжа. Перад ім размяшчаўся памост. Стаўшы на яго, святар працягваў богаслужэнне, асвячаў ваду.

Да глыбокай старасці Ірына Іванаўна любіла харавыя спевы. У спецыяльным салоне далучала да іх дзяцей-сірот. Яны вучыліся іграць на некаторых музычных інструментах. З навучэнак жаночай гімназіі выбрала васямнаццаць дзяўчат з цудоўным голасам. З імі па нядзелях праводзіла служэнне ў капліцы каля Петрапалаўскага сабора.

Фёдар і Ірына Паскевічы.

Фёдар і Ірына Паскевічы.

Часам запрашала іх да сябе дамоў. Асабліва калі адчувала блага. Спявалі не толькі рэлігійныя песні. Пазнаёміла іх з тымі, якія помніла з часу сваёй маладосці. Сярод іх была і «Песня цыганки». Выконваючы яе, маладзела. Голас станавіўся бадзёрым, у патухлых вачах з’яўляўся бляск. У думках была ў сваім бацькоўскім салоне. З блізкімі і дарагімі людзьмі. Здавалася, што разам з усімі сваю «Песню цыганки» выконвае і Якаў Палонскі: 

Мой костер в тумане светит; 
Искры гаснут на лету... 
Ночью нас никто не встретит; 
Мы простимся на мосту. 

Кто-то мне судьбу предскажет?
Кто-то завтра, сокол мой, 
На груди моей развяжет 
Узел, стянутый тобой?

Паскевічы валодалі не толькі Гомелем, але і некалькімі эканоміямі. Найбольш паспяхова працавала Добрушская. Апроч Добруша, на той час сяла, у яе ўваходзілі Вылева, Стары Крупец, Карма, некалькі вёсак, а таксама Ісафаўскі і Тарлоўскі манастыры. Адраджэнне эканоміі пачалося пры яе мужу. Ён вырашыў узвесці фабрыку «бумажной и древесной массы». Аднак атрымлівалася не ўсё. Справу з месца зрушыў інжынер Антон Стульгінскі. Па важных рашэннях ён заўсёды кансультаваўся з Ірынай Іванаўнай.

Яна вяла ўсе гаспадарчыя і фінансавыя справы. Аплачвала даўгі мужа. Калі ж гаспадарчая дзейнасць прыносіла прыбытак, на добрыя справы грошай не шкадавала. У 1889 годзе на фабрыцы пачала працаваць першая на Беларусі электрастанцыя. Энергіі ставала не толькі для вытворчасці. Асвятляліся лазні, аптэкі, бальніцы і нават кватэра адміністрацыі. Яшчэ ў 1878 годзе пры фабрыцы пачалі будаваць бальніцу і аптэку. За кошт прадпрыемства аплачвалася работа ўрача, фельчара і правізара.

Адна з першых на Беларусі тэлефонных станцый таксама з’явілася ў Добрушы. З мая 1984 года фабрыка ўпершыню ў Расіі замест 12-гадзіннага працоўнага дня перайшла на 8-гадзінны. Вытворчасць не скарацілася, бо работа вялася ў тры змены. А заробак рабочых не зменшыўся.

Пасля смерці ў 1903 годзе мужа Ірына Паскевіч стала адзіным уладальнікам Гомельскага маёнтка і Добрушскай эканоміі. Ці не першае, што зрабіла, — як бы ўшанавала пераход на 8-гадзінны рабочы дзень. У Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце ўстанавіла штогадовую імянную стыпендыю імя Стульгінскага. На яе ахвяравала 10 тысяч рублёў. Яны знаходзіліся на ўкладзе ў банку. Працэнтаў хапала, каб падтрымліваць найлепшага студэнта. Прозвішча кандыдата на стыпендыю называў сам Стульгінскі. Дбала і аб вучобе дзяцей рабочых. Спачатку яны наведвалі народнае вучылішча ў Добрушы. Пасля быў узведзены асобны будынак для фабрычнай школы. Але галоўным клопатам было павелічэнне вытворчасці паперы. Пасля смерці Антона Стульгінскага яго справу прадоўжыў сын Генрых.

Не абыходзілася і без цяжкасцей. Калі скончылася Першая сусветная вайна, многія рабочыя, мабілізаваныя ў войска, загінулі. Некаторыя вярнуліся інвалідамі. Узніклі праблемы з пастаўкай паліва, сыравіны. Сяляне, даведзеныя да галечы, самавольна секлі лес. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі бывалі дні, калі ў лес адначасова накіроўвалася да 150 падвод. Аб прыняцці мер нават звярнулася з заявай у Гомельскі павятовы камісарыят.

Зрэдку наведвалася ў Петраград. Спынялася ў сваім вялікім палацы на Англійскай набярэжнай. Прыходзілі не толькі знаёмцы, але і тыя, з кім сябравала. Заходзілі і маладзейшыя. Заўсёды было даволі людна.

А ў цэнтры яна ў сваёй любімай чорнай шоўкавай сукенцы і элегантным карункавым каптуры. Прыветліва кожнаму ўсміхаецца. Як казалі пра яе, «цётухна ўсёй кампаніі».

Незадоўга да Кастрычнікай рэвалюцыі вярнулася ў Гомель. 22 лістапада (5 снежня) 1917 года ў горадзе ўсталявалася савецкая ўлада. Што рабіць, вырашыла яшчэ тады, калі рэвалюцыйныя падзеі толькі пачаліся. Загадзя падрыхтавала спісы рухомай і нерухомай маёмасці Гомельскага палаца. На трэці дзень з дарчым лістом прыйшла ў рэўкам. Гэты яе ўчынак ацанілі паналежнаму. Для пражывання выдзелілі пакойчык у доме № 12 па вуліцы Жандармскай, дазволілі мець служанку.

Кепска, што яна была непісьменная. Самой жа Ірыне Іванаўне чытаць станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Аднак памяць асабліва не падводзіла. Лёгка ўспамінаюцца вершы, якія палюбіла даўно. Асабліва Якава Палонскага. Калі ў 1898 годзе ён памёр, успрыняла гэта вельмі балюча. Ажылі ў памяці радкі «Зимней песни русалок» з лібрэта яго оперы «Кузнец Вакула»: 

Холодно нам, холоднехонько!
Словно в гробах ледяных.
Ветра шорох ночной 
Еле слышится 
Ничего в осоке 
Не колышется.

Гэта — «Зимняя песня русалок» з кнігі «Озими». Адразу пасля выхаду Якаў Пятровіч падарыў яе з аўтографам: «Её светлости Ирине Ивановне, княгине Паскевич. Полонский, 1876 г. Спб».

Помнік Ірыне Паскевіч у Гомелі. Скульптар Д.А. Папоў

Помнік Ірыне Паскевіч у Гомелі. Скульптар Д.А. Папоў

Дзе цяпер яна? Хутчэй за ўсё згубілася сярод іншых з яе багатай бібліятэкі. Таксама перададзенай рэўкаму. Хоць чаму згубілася? Можа, і захавалася. Добра было б, каб збераглася. Хай сама яе ўжо не прачытае, аднак гэта змогуць зрабіць іншыя. І ўспомняць не толькі самога Палонскага, а, магчыма, і яе, Ірыну Паскевіч.

Касцёр жа яе жыцця паступова згасаў. Калі прыходзілі хвіліны роспачы, адчувала сябе яшчэ больш адзінокай і безабароннай. У радасць былі рэдкія выхады з дому. Заўважыўшы яе на вуліцы, людзі пачціва віталіся. Быццам усе з ёю былі асабіста знаёмы. Гэтае іх: «Дзень добры, княгіня!» ці «Добрага здароўечка, княгіня!» усцешвала. Значыць, не марна пражыла на зямлі. Значыць, была патрэбная людзям.

Не стала Ірыны Паскевіч 14 красавіка 1925 года. Здавалася б, нарэшце знойдзе зямны спакой. Як таго заслужыла. Ды і такое права кожнаму дае Усявышні. Тым больш — праведніку. Мясцовыя, канешне, памяталі, як яна сустрэла рэвалюцыю. Не забыліся аб яе дапамозе гораду. Але ўлады ўсё ж успрымалі «класавым ворагам». Таму і не дазволілі пахаваць у фамільным склепе. Поруч з мужам, які спаў вечным сном ужо дваццаць два гады.

Магілу выкапалі з правага боку ад Петрапалаўскага сабора. У парку, паблізу акна, дзе размяшчаўся алтар Свяціцеля Мікалая. Калі выносілі дамавіну, не было адбою ад ахвотных пранесці яе хоць некалькі метраў.

На магіле ўстанавілі пліту з указаннем імені і прозвішча, датамі нараджэння і смерці. Але ў 30-я гады ваяўнічым атэістам такое месца яе вечнага спачыну стала як бяльмо на воку. Астанкі перапахавалі на праваслаўных сялянскіх могілках непадалёку ад царквы Раства Багародзіцы. А ранейшую магілу зраўнялі з зямлёй, каб і следу не засталося.

Успомнілі пра Ірыну Іванаўну толькі ў 1995 годзе. Сціпла адзначылі 160-годдзе з дня яе нараджэння і 70-годдзе з дня смерці. Аднак камень занядбання нарэшце зрушыўся з месца. Праз восем гадоў рашэннем Гомельскага гарвыканкама частцы вуліцы Першамайскай вярнулі яе ранейшую назву Ірынінская. Тую назву, што была прысвоена яшчэ ў 1897 годзе. Паклапацілася аб увекавечанні яе памяці і Гомельская епархія. У ліпені 2003-га каля сцен Петрапалаўскага сабора ўстанавілі бюст-помнік. Потым статуя з’явілася на вуліцы яе імя. Ірына Паскевіч стаіць у поўны рост. Бы наяву вярнулася ў горад, які ўспрымала сваім, родным, дарагім. Захацела пабачыць, якім ён стаў за гады яе адсутнасці.

Алесь МАРЦІНОВІЧ