Экалагічная сцяжынка "Звінячае дрэва-ліпа" у Празароцкай сельскай бібліятэцы

У апошнія дні чэрвеня бібліятэкар Празароцкай сельскай бібліятэкі запрасіла малодшую групу ўдзельнікаў аздараўленчага школьнага лагера на экалагічную сцяжынку.І галоўным персанажам гэтай вандроўкі стала яе вялікасць ліпа, як сімвал колішняга мястэчка Празарокі.
Спачатку наведалі брацкую магілу загінуўшых воінаў і партызан, дзе ў 1957 годзе ўстаноўлены помнік “Смуткуючая маці” і пасаджаны дзве ліпы, якія велічна ўзвышаюцца зараз на памятным месцы.
Насупраць – высачэзнае стогадовае дрэва ліпы - ўпрыгожванне заможнай яўрэйскай сядзібы, на жаль,якая сёння знаходзіцца ў заняпадзе.
Далей сцяжынка прывяла ў ліпавую алею (за будынкам сельскага Дома культуры).У цяні дрэў, якія памятаюць часы Расійскай Імперыі, буржуазнай Польшчы, падзеі войнаў , бібліятэкар распавяла гісторыю аб пажары 1892 года, які знішчыў усе празароцкія пабудовы, у т.л. драўляны касцёл ХYII ст. з плябаніяй. І толькі ліпавая алея стала наперакор агнявой стыхіі і засцерагла ад бедства маёнтак генерала Пятра Мухіна,які захаваўся да нашага часу.
Пасля сузірання шматвекавых ліп і рэшткаў местачковай забудовы, удзельнікі экалагічнай сцяжынкі прадоўжылі знаёмства са “звінячым” дрэвам у бібліятэцы. Дзеці гучна прачыталі вершы беларускіх паэтаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Пазнякова, Г.Бабарыкі, казку К.Каліны “Ліпень”прысвечаныя ліпе. Такасама даведаліся аб цікавых фактах пра гэтае дрэва. Напрыклад, што знакамітая “Святая Троіца” напісана Андрэем Рублёвым менавіта на ліпавай дошцы.
Напрыканцы мерапрыемства дзеці частаваліся ліпавай гарбатай .
Бібліятэкар В.І.Бурэнь
- 317

