Прэзентацыя праграмы летняга чытання ў Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы
У апошні час у рабоце дзіцячых бібліятэк з’явілася шмат новых нетрадыцыйных форм дзейнасці, якія закліканы садзейнічаць папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве. Многія з іх ужо ўвайшлі ў практыку работы нашай бібліятэкі. На працягу трох гадоў мы выкарыстоўваем практыку правядзення прэзентацыі праграмы летняга чытання на бібліятэчным панадворку. І гэты год не выключэнне.
У апошнія дні чэрвеня мы запрасілі нашых чытачоў на забаўляльна-гульнявую праграму “Бібліятэка збірае сяброў”. Увазе дзяцей была прадстаўлена кніжная выстава-агляд “Летам адпачываем, чытаем і гуляем” з падраздзеламі “Хачу ўсё ведаць!”, “Акадэмія вясёлых кніг”, “Свет тваіх захапленняў”, якая іх зацікавіла і выклікала жаданне ўзяць кнігі дадому. Чытачы сталі ўдзельнікамі вуснага часопіса “Ёсць цуд на зямлі з назвай дзіўнай - кніга”. Гартаючы старонкі часопіса, дзеці прымалі ўдзел у віктарыне “Казачныя героі”, гульнях “Складзі прыказку”, “Адна літара”, “Салат з казак”, адгадвалі загадкі, знаёміліся з правіламі беражлівых адносін да кнігі, паўдзельнічалі ў размінцы “Калабок”. Гульні на свежым паветры, мы іх назвалі “Гульні нашага двара”, паднялі ўсім настрой і з’ядналі ўдзельнікаў.
Жадаючыя мелі магчымасць даведацца аб цікавых фактах з гісторыі шакаладу: дзе і як “расце” шакалад, як выглядаюць какава-плады і як з іх атрымліваюць шакалад, карысны ці шкодны шакалад і г.д. Дзеці прынялі ўдзел у гульні “Шакаладны шчасліўчык”, конкурсах “Шока-баскетбол”, “Шока-пазлы”, “Самы спрытны” і інш. Усе ўдзельнікі з задавальненнем згадзіліся адзначаць 11 ліпеня Сусветны дзень шакаладу.
Многа карыснага даведаліся школьнікі з гадзіны цікавых паведамленняў “Маё хобі”. Спачатку дзеці вызначылі, што азначае слова хобі. Затым кожны распавядаў пра свой любімы занятак для вольнага часу, які прыносіць яму задавальненне. Гэта: малюнак, музыка, кулінарыя, бісер, рыбалка, вязанне, рэзьба па дрэву і г.д. Жадаючыя расказалі пра хобі сваіх бацькоў (маркі, каляндарыкі, паштоўкі). Размова атрымалася цікавай і змястоўнай.
У рамках праграмы летняга чытання мы правялі чытанне на свежым паветры “Цікавае чытанне + гульня і забавы”. Падлеткі маглі выбраць кнігу для чытання на свой густ, а з маленькімі чытачамі бібліятэкар чытала казкі К. Чукоўскага.
Дзень настольных гульняў “Ігратэка ў бібліятэцы” ўжо мае сваіх пастаянных чытачоў-гульцоў, якія з нецярпеннем чакаюць гэтага дня.
Упершыню мы праводзілі конкурс малюнкаў на асфальце “Фарбы лета на асфальце”. Дзеці малявалі казачных герояў, жывёл, матылькоў, кветкі, паветраныя шарыкі і інш. Гэты занятак выклікаў цікавасць і вельмі спадабаўся гледачам.
Усе мерапрыемствы, якія праводзіліся ў рамках прэзентацыі праграмы летняга чытання, выклікалі цікавасць да бібліятэкі і кнігі.






Загадчык Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі Андрыеўская
- 332

