Гульня-падарожжа “Сем колераў вясёлкі” у Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы

На апошнім тыдні мая Глыбоцкую дзіцячую бібліятэку наведалі вучні пачатковых класаў СШ №2 г. Глыбокае. Для іх была арганізавана экскурсія, падчас якой дзеці пазнаёміліся з правіламі карыстання бібліятэкай, яе фондам, абанементам і чытальнай залай, выставамі.
Потым праводзілася гульня-падарожжа “Сем колераў вясёлкі”.

На станцыі “Юбілейная” (чырвоны колер вясёлкі) дзеці пазнаёміліся з асобай К.Г. Паустоўскага (31 мая – 130 гадоў з Дня нараджэння), а таксама прынялі ўдзел у гульні “Пазнай жывёлу па апісанні”. Аранжавага колеру была станцыя “Музычная”. Удзельнікі мерапрыемства адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў гульні “Аўкцыён музычных слоў”, праглядалі музычныя фрагменты з мультфільмаў, спаборнічалі ў конкурсе “Танец на астраўку”.


Станцыя жоўтага колеру называлася “Загадалкі”. Трэба было адгадаць загаданыя словы з трох разоў. На станцыі зялёнага колеру – “Экалагічная” – абмяркоўвалася праблема забруджвання навакольнага асяроддзя, знікнення жывёл і раслін на планеце Зямля. Вучні ўдзельнічалі ў гульнях “Вуснамі дзіцяці” і “Экалагічная ніша”. Блакітным колерам вясёлкі была прадстаўлена станцыя “Казачная”. Школьнікі ўгадвалі казкі па ілюстрацыях, а потым глядзелі мультфільм па казцы “Воўк і цяля”.
Пад сінім колерам – станцыя “Тэатральная”. З дапамогай жэстаў і мімікі некалькі вучняў загадвалі прадметы, назвы якіх былі напісаны на картках, а астатнія адгадвалі. На станцыі “Літаратурная” (фіялетавы колер вясёлкі) ўдзельнікам мерапрыемства трэба было з пэўнай інтанацыяй (урачыстай, усхваляванай, насмешлівай) прачытаць верш “Наша Таня громко плачет”.


Закончылася мерапрыемства вясёлым кліпам пра сяброўства і запрашэннем наведваць дзіцячую бібліятэку ў час летніх канікул.
Бібліятэкар А.А. Хахолка
- 342

